Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТУПСТВЫ ТЭЛЕФАНІЗАЦЫІ Ў ГЛЫБОКІМ, “ЗАГЛЯНЕ СОНЦА Ў НАША ВАКОНЦА”, СТАРОНКА МАЛАДЫХ КАТАЛІКОЎ ДЫ ІНШАЕ


Віталь Тарас, Прага

Сярод тэмаў выпуску – наступствы тэлефанізацыі ў Глыбокім; “Загляне сонца ў наша ваконца” (“Часопіс” польскіх беларусаў у сеціве), Старонка маладых каталікоў, а таксама навіны мабільнай сувязі ў Інтэрнэце: якім тэлефонам карыстаўся гэрой фільму “Матрыца”?

Цікавая інфармацыя зьявілася нядаўна ў электроннай вэрсіі рэгіянальнай газэты “Вольнае Глыбокае”. Газэта мяркуе, што магчымы выкрадальнік тэлеапэратара ГРТ Зьмітра Завадзкага Валеры Ігнатовіч, асуджаны судом да пажыцьцёвага пазбаўленьня волі, адбывае зараз пакараньне ў Глыбоцкай калёніі УЖ 15-13. У матэрыяле, апублікаваным на старонцы з адрасам www.vglybokaye.promedia.minsk.by, чытаем: “Мы спрабавалі атрымаць тлумачэньне некаторых службоўцаў з гэтай калёніі. Але ад адказу на простае пытаньне яны ўхіліліся. Між тым, Глыбоцкая калёнія, лічы, адзіная ўстанова ў рэспубліцы, дзе знаходзяцца пажыцьцёва асуджаныя”. На інтэрнэт-старонцы “Вольнае Глыбокае” можна бачыць фатаграфіі турмы, дзе, верагодна, адбывае пакараньне былы спэцназавец Ігнатовіч. Рэдакцыя выказвае занепакоенасьць: а наколькі добра застрахаваны ад небясьпекі вязень, які яшчэ здольны ў будучым праліць сьвятло на сапраўдныя абставіны зьнікненьня Завадзкага?

У адной з ранейшых перадач мы ўжо распавядалі пра ўдалы дызайн інтэрнэт-старонкі “Вольнае Глыбокае” ды разнастайнасьць інфармацыі на ім. Калі і якім чынам у Глыбокім узьнік гэты сайт? Вось што сказаў па тэлефоне галоўны рэдактар газэты “Вольнае Глыбокае” Уладзімер Скрабатун.

(Скрабатун: ) “У нас у Глыбокім гадоў 15 запар не было магчымасьці атрымаць тэлефон. І вось літаральна месяцаў сем таму была праведзеная поўная тэлефанізацыя Глыбокага. Нарэшце кожны чалавек у Глыбокім, заплаціўшы пэўную суму грошай, змог атрымаць свой нумар тэлефона. Нарэшце пачалася нармальная тэлефанізацыя, доступ да Інтэрнэту.

Нам дасылаюць допісы, цікавяцца нашым сайтам. Ёсьць замежныя беларусы – у Амэрыцы, у Канадзе, у Аўстраліі, якія выехалі некалі зь Беларусі. Яны цікавяцца нашым сайтам, прытым пішуць на наш сайт свае допісы. Яны цікавяцца нашым горадам”.

(Тарас: ) “Вы як галоўны рэдактар, натуральна, праглядаеце свой сайт. А іншыя сайты – ці часта Вы карыстаецеся імі? Ці атрымліваеце Вы інфармацыю зь Інтэрнэту?”

(Скрабатун: ) “Ну, добрая частка газэты робіцца зь Інтэрнэту, таму што незалежная прэса мае праблемы. Проста не хапае людзей, і таму частку інфармацыі мы проста вымушаныя рабіць зь Інтэрнэту. Я не магу наняць шмат людзей у рэдакцыю…”

Нягледзячы на ўсеагульную тэлефанізацыю, пра якую казаў Улдазімер Скрабатун, якасьць тэлефоннай сувязі з Глыбокім пакідае жадаць лепшага. Такія ж праблемы існуюць дагэтуль у многіх іншых беларускіх райцэнтрах. Разам з тым, у Беларусі паступова павялічваецца колькасьць мабільных тэлефонаў. Пра адмысловы сайт, прысьвечаны гэтаму сучаснаму віду сувязі – пры канцы сёньняшняй перадачы.

Зараз пра некаторыя навіны беларускага Інтэрнэту. У сеціве зьявіўся ( дакладней, аднавіўся ў новым выглядзе) беларускамоўны сайт маладых каталікоў Беларусі. Ягоны адрас: www.zmk.at.tut.by. На жаль, у стваральнікаў пакуль ёсьць праблемы ў сеціве: не заўсёды гэтую старонку можна адчыніць. Спадзяемся вярнуцца да размовы пра гэты рэсурс у нашых далейшых перадачах.

Яшчэ адзін рэлігійны сайт – Belchristian.info, які выходзіць на расейскай мове, паведаміў на гэтым тыдні пра скандал вакол акцыі Аб’яднаньня Хрысьціянаў поўнага Эвангельля. Актывісты гэтага аб’яднаньня распаўсюджвалі ў Менску велікодны нумар хрысьціянскай газэты “Хорошая новость” каля праваслаўнага храму. У выніку скаргаў праваслаўных вернікаў Камітэт у справах рэлігіяў накіраваў запыт у Міністэрства інфармацыі Беларусі наконт правамернасьці гэтага мерапрыемства. Пратэстанцкае інтэрнэт-выданьне мяркуе інфармаваць сваіх наведнікаў пра далейшыя падзеі.

Днямі ў Інтэрнэце зьявіўся электронны варыянт выданьня пад назвай “Czasopis”. Часопіс выдаецца на дьзвюх мовах – беларускай і польскай – Таварыствам польскіх журналістаў у Беластоку пад рэдакцыяй вядомага публіцыста Ежы Хмялеўскага. Стваральнікі вызначаюць сваё выданьне як “Беларускі грамадзка-культурны часопіс, прысвечаны пытаньням сучаснасьці, гісторыі, літаратуры й мастацтва, месца чалавека ў сьвеце. Форум думкі беларусаў і ўсіх, каму блізкая беларуская тэматыка”. У складзе рэдакцыі – вядомыя слухачам Свабоды беларускія пісьменьнікі й журналісты з Польшчы Алена Казлоўская-Глагоўская, Славамір Іванюк, Сакрат Яновіч. Сярод пастаянных аўтараў таксама Алесь Чобат з Горадні, Лявон Вольскі зь Менску ды іншыя. Зьяўленьне “Часопісу” ў Інтэрнэце ёсьць часткай больш шырокага праекту.

Мы патэлефанавалі ў Беласток аднаму з распрацоўшчыкаў гэтага праекту, стваральніку вэб-старонкі Крыштафу Стэфанюку. Вось што ён сказаў.

(Стэфанюк: ) “Наш праект “Slonko dla wshystkih“ (“Загляне сонца ў наша ваконца”) існуе ў Інтэрнэце ўжо другі год, а ў новай графічнай вэрсіі – другі месяц. Праект мае на мэце стварыць нейкую інфармацыйную базу, інфармацыйны сайт у Інтэрнэце для беларусаў Польшчы”.

(Тарас: ) “Тое, што мы бачым у Інтэрнэце пад назвай “Часопіс”, зьяўляецца поўнай копіяй друкаванага выданьня, ці ёсьць пэўныя адрозьненьні?”

(Стэфанюк: ) “Так, тэксты тыя самыя, што і ў папяровай вэрсіі. Адно, што няма ўсіх здымкаў на сёньняшні дзень, на жаль. Гэта першы нумар “Часопісу” ў Інтэрнэце – за травень. І наступныя нумары таксакма будуць у Інтэрнэце”.

(Тарас: ) “Ці плянуюцца нейкія новыя рубрыкі? І ці атрымлівалі вы ўжо празь Інтэрнэт водугкі ад чытачоў? Можа, вы маеце на сайце форум, ці зьбіраецеся яго адчыніць?”

(Стэфанюк: ) “Менавіта форуму яшчэ няма. Ён будзе. Зараз ёсьць “гэст-бук”. Можна там зрабіць запіс наконт нашай старонкі. Будзе разьдзел “Кнігарня”, дзе можна будзе купіць беларускія кнігі, якія выдаюцца ў Беластоку. Напэўна, можна будзе таксама купляць папяровы часопіс штомесяц празь Інтэрнэт. Напэўна, будуць яшчэ іншыя разьдзелы. Увесь час будзе нешта новае.”

Застаецца назваць адрас новага беларускага праекту ў Інтэрнэце: www.slonko.com.pl

А цяпер пра вынікі апошняга апытаньня на інтэрнэт-старонцы беларускай Свабоды (www.svaboda.org). На пытаньне “Колькі яшчэ ахоўваць Курапаты” пераважная большасьць удзельнікаў – 29 чалавек выбралі варыянт адказу “Пакуль кіруе Лукашэнка”. Каля чвэрці ўдзельнікаў лічаць, што валанцёрам трэба заставацца “да заканчэньня будаўніцтва прылеглай часткі аўтадарогі”. За тое, каб заставацца ў Курапатах да стварэньня мэмарыялу, выказаліся чатыры чалавекі. І адзін голас за тое, каб заставацца ва ўрочышчы да заканчэньня пабудовы кальцавой дарогі. Такія зьвесткі мы мелі ў пятніцу, 17-га траўня.

І на заканчэньне перадачы -- пра новы беларускі сайт Onliner.by, прысьвечаны мабільнай сувязі. Як сьцвярджаюць стваральнікі сайту, яны ставяць на мэце абарону інтарэсаў какрыстальнікаў мабільных тэлефонаў. Тут можна прачытаць інфармацыю пра апэратараў сотавай сувязі ў Беларусі стандарту GSM – кампаніі “Велком” і “Белсел”, ды параўнаць тарыфы на іхныя паслугі. Абедзьве кампаніі напалову дзяржаўныя і зьяўляюцца на сёньняшні дзень па-сутнасьці манапалістамі. Падключэньне тэлефону каштуе прыблізна 30 даляраў. Абанэнцкая плата, скажам, у кампаніі Белсел складае да 10 даляраў на месяц. Зразумела, што для большасьці насельніцтва Беларусі пры сярэдняй зарплаце каля 80-і даляраў сотавая сувязь застаецца недаступнай.

Для тых, хто ўсё ж наважыўся стаць уладальнікам мабільнага тэлефону, старонка “Анлайнэр” прапанауе шмат інфармацыі пра фірмы, якія займаюцца вытворчасцью тэлефонаў, новыя мадэлі і цэны на іх, а таксама асаблівасьці як з гледзішча бясьпекі для здароўя, гэтак і бясьпекі інфармацыі.

(У выкананьні гурту “Prodigy” гучыць песьня з культавай амэрыканскай кінастужкі “Матрыца”.) Героі фільму-антыўтопіі змагаюцца з таталітарным рэжымам у віртуальнай кібер-прасторы. Але пры гэтым яны карыстаюцца самымі што ні ёсьць рэальнымі сотавымі тэлефонамі.

Стваральнікам беларускага сайту ўдалося выявіць, напрыклад, што галоўны герой фільма (гэтую ролю выконвае Кіну Рыўз) карыстаецца тэлефонам … Зрэшты, аматары гэтага фільму, мабыць, і сам ведаюць марку гэтага тэлефону. А той, хто цікавіцца, можа атрымаць адказ на старонцы Onlіner.by.
XS
SM
MD
LG