Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСАМА БІН ЛЯДЭН ПА-РАНЕЙШАМУ ЖЫВЫ


Алесь Грыневіч, Прага

Сёньня у адной зь вядучых арабскіх газэтаў зьявілася інтэрвію зь лідэрам афганскага руху Талібан Мулой Амарам. Лёнданская газэта “Аш-Шарк аль-Аўсат” піша, што Амар хаваецца ў гарах Афганістану і даў інтэрвію праз свайго памочніка. Газэта не надрукавала сьвежых фатаздымакаў Мулы Амара. Таксама незразумела, калі ж адбылася размова.

Амар заявіў, што Усама бін Лядэн, якога вінавацяць ў арганізацыі самагубчых тэрактаў у Нью-Ёрку, Вашынгтоне і Пэнсыльваніі, па-ранейшаму жывы. Газэта друкуе наступныя словы Мулы Амара: “Шэйх Усама па-ранейшаму жывы, дзякуй Богу, і гэта выклікае пакуты ў [прэзыдэнта ЗША Джорджа] Буша, які абяцаў сваім людзям забіць Усаму, ня ведаючы, што жыцьцё чалавека ў руках Божых”.

Падчас леташніх тэрарыстычных актаў у ЗША загінула каля трох тысячаў чалавек. ЗША патрабавалі ад Талібану, які ў той час кантраляваў большую частку Афганістану, выдачы бін Лядэна і ягоных пасьлядоўнікаў. Пасьля адмовы Талібану, амэрыканцы ў мінулым кастрычніку распачалі ваенную апэрацыю ў Афганістане. Талібан згубіў уладу ў краіне, і вайскоўцы ЗША ды саюзьнікаў палююць на талібаў ды на лідэра гэтага руху Мулу Амара. Сёньня губэрнатар адной з афганскіх правінцыяў і адзін з палявых камандзіраў заявілі, што Бін Лядэн ды Мула Амар, хутчэй за ўсё, жывыя і хаваюцца на тэрыторыі Пакістану.

У сёньняшнім інтэрвію Мула Амар кажа, што вайна ў Афганістане яшчэ ня скончаная, і “яе агонь дабярэцца да Белага Дому – штабу несправядлівасьці ды тыраніі”. Лідэр Талібану сказаў, што амэрыканскія войскі ў Афганістане яшчэ зьведаюць пекла, зь якім сутыкнуліся ў свой час войскі Савецкага Саюзу, а яшчэ раней – Брытаніі.

Сёньня ж ва ўсходнім Афганістане пачалася новая ваенная апэрацыя, пасьля таго, як учора пад абстрэл трапілі аўстралійскія вайскоўцы. Паведамляецца, што ніхто з аўстралійцаў ня быў забіты. Каля тысячы заходніх вайскоўцаў, пераважна брытанскіх, цяпер вядуць пошук ваяўнікоў Талібану ды Аль-Каіды – арганізацыі, заснаванай Бін Лядэнам.
XS
SM
MD
LG