Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ ПРЭЗЫДЭНТ ЗША ДЖЫМІ КАРТЭР НАВЕДАЎ КУБУ


Алесь Грыневіч, Прага

Джымі Картэр, які быў прэзыдэнтам Злучаных Штатаў ў 1970-я гады, наведаў Кубу зь пяцідзённым візытам. Гэта быў першы прыезд амэрыканскага палітыка такога ўзроўню на Кубу ад 1928 году. Асноўнай падзеяй візыту сталася прамова Картэра ва Ўнівэсытэце Гаваны, якая ўжывую трансьлявалася па кубінскім дзяржаўным радыё.

У сваёй 20-хвіліннай прамове па-гішпанску Картэр заклікаў кубінцаў далучыцца да дэмакратычнай супольнасьці. Ён заявіў, што кубінскія дысыдэнты маюць неад’емнае права дамагацца зьменаў у краіне шляхам выбараў. Картэр не казаў наўпрост аб парушэньнях правоў чалавека на Кубе, але адзначыў, што сацыялістычная сыстэма не дазваляе існаваньня ў краіне арганізаванай апазыцыі. Паводле Картэра, кубінская канстытуцыя прызнае свабоду слова і сабраньняў, але “іншыя законы пазбаўляюць гэтай свабоды тых, хто ня згодны з урадам”.

Кубінскі лідэр Фідэль Кастра слухаў прамову Картэра ў першым радзе аўдыторыі. Адказваючы на пытаньні пасьля прамовы, Картэр сказаў, што яны з Кастра па рознаму разумеюць дэмакратыю. Паводле былога амэрыканскага прэзыдэнта, ягонае вызначэньне дэмакратыі грунтуецца на Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якая прызнае за грамадзянамі права абіраць уласных лідэраў, вызначаць свой лёс, вольна выказвацца, арганізоўваць палітычныя партыі, прафсаюзы ды няўрадавыя арганізацыі, а таксама мець доступ да справядлівага і адкрытага суду. Кастра нічога не адказаў на словы Картэра – пасьля выступленьня яны разам пайшлі на бэйсбольны матч у Гаване.

У сваёй прамове Картэр таксама заклікаў Злучаныя Штаты “зрабіць першы крок” і зьняць гандлёвае эмбарга супраць Кубы, якое дзейнічае больш за 40 гадоў. Былы амэрыканскі прэзыдэнт адзначыў, што санкцыі ня ёсьць прычынай цяжкага эканамічнага становішча на Кубе, як часта заяўляе Фідэль Кастра. Але, на думку Картэра, санкцыі і абмежаваньні на наведваньне Кубы амэрыканскімі грамадзянамі толькі замарожваюць цяпершнюю сытуацыю і преашкаджаюць вольнаму абмену ідэямі.

Цяперашняя адміністрацыя ЗША не пагадзілася з такімі выказваньнямі былога прэзыдэнта. Прэзыдэнт Джордж Буш лічыць эмбарга важнай часткай палітыкі ў адносінах да Кубы, заявіў прэсавы сакратар Белага дому Ары Фляйшэр. Ён зазначыў, што гандаль з Кубай не дапамагае кубінскаму народу, але выкарыстоўваецца дзеля ўмацаваньня рэпрэсыўнага рэжыму.

Чакаецца, што ў панядзелак прэзыдэнт Буш выступіць з прамовай, у якой прапануе яшчэ больш жорсткія захады супраць Кубы. У прыватнасьці, могуць быць узмоцненыя пакараньні за нелегальныя падарожжы на Кубу грамадзян ЗША. Летась 137 тысячаў амэрыканцаў наведалі Кубу, атрымаўшы афіцыйны дазвол. Сярод гэтых людзей былі навукоўцы, журналісты, студэнты і амэрыканцы кубінскага паходжаньня, якія маюць на Кубе сваякоў. Але яшчэ дзясяткі тысячаў наведалі Кубу нелегальна. Яны падарожнічалі праз Канаду, Мэксыку ды Багамскія выспы. Амэрыканскія ўлады лічаць, што такія падарожнікі ўмацоўваюць рэжым Кастра, бо пакідаюць на Кубе грошы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG