Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІЯ ЖУРНАЛІСТЫ ПАТРАБУЮЦЬ СПЫНІЦЬ КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЬЛЕД ІХНЫХ КАЛЕГАЎ З ГАЗЭТЫ “ПАГОНЯ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску пачалася міжнародная канфэрэнцыя пад назвай “Беларуская журналістыка ў эўрапейскім кантэксьце”. У канфэрэнцыі бралі ўдзел журналісты як зь дзяржаўных, так і зь недзяржаўных СМІ. Арганізатары гэтай канфэрэнцыі, сярод якіх Эўрапейскі Зьвяз і Беларуская асацыяцыя журналістаў, казалі, што яе галоўная мэта — інтэграцыя беларускай журналістыкі ў агульнаэўрапейскую прастору.

Бо неўзабаве межы краінаў Эўрапейскага Зьвязу непасрэдна наблізяцца да Беларусі — і беларускія журналісты мусяць быць гатовыя да супрацоўніцтва са сваімі заходнімі калегамі ў новых варунках. Амаль усе ўдзельнікі канфэрэнцыі зь Нямеччыны, Польшчы, Украіны, Расеі ды іншых краінаў адзначалі, што пакуль улады Беларусі ня спыняць перасьлед журналістаў з прафэсійных матываў, Беларусь ня можа спадзявацца на добрыя адносіны з Захадам.

Найперш меўся на ўвазе крымінальны перасьлед рэдактара закрытай уладамі гарадзенскай газэты “Пагоня” Міколы Маркевіча і карэспандэнта гэтага выданьня Паўла Мажэйкі. У кулюарах канфэрэнцыі першае пытаньне ў гэтай справе я задаў міністру інфармацыі Беларусі Міхаілу Падгайнаму:

(Карэспандэнт: ) “Сёньняшняя канфэрэнцыя называецца “Беларуская журналістыка ў эўрапейскім кантэксьце”. Скажыце, суд над журналістамі газэты “Пагоня” — ці ўпісваецца гэта ў эўрапейскі кантэкст?”

(Падгайны: ) “Закон ёсьць закон, ён існуе ва ўсёй Эўропе. Гэты чалавек мусіць адказваць перад судом па закону. Я ня ведаю, як гэта ўпісваецца, але, шчыра кажу вам, калі я прыводзіў прыклады ў Радзе Эўропы ў справе пэўнай вольнасьці нашых журналістаў, гэта выклікала неразуменьне — маўляў, як такое магчыма”.

(Карэспандэнт: ) “Зь іншага боку, я ня чуў, каб эўрапейскім журналістам пагражала пяць гадоў пазбаўленьня волі за сваю пазыцыю. За тое, што ён напісаў у артыкуле”.

(Падгайны: ) “Я таксама такога ня чуў”.

А вось меркаваньне ў гэтай справе вядучай канфэрэнцыі Эдыт Шпільгаген зь Нямеччыны:

(Шпільгаген: ) “Увогуле, у заходнеэўрапейскай журналістыцы ня часта здараюцца выпадкі, калі журналістаў судзяць за іхныя думкі. Натуральна, што заканадаўства Беларусі ня цалкам адпавядае тым законам, якія дзейнічаюць у Эўропе ў адносінах да журналістаў”.

Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў сказалі, што выкарыстаюць гэтую канфэрэнцыю, каб заручыцца падтрымкай сваіх эўрапейскіх калегаў у справе абароны журналістаў газэты “Пагоня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG