Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ ПРАЙШЛА АКЦЫЯ “ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ніна Прасьнякова асабіста ведала зьніклых палітыкаў. Яна ўдзельнічае ва ўсіх акцыях “Ланцуг неабыякавых людзей”, бо ня хоча, каб палітычныя зьнікненьні паўтараліся:

(Прасьнякова: ) “Яны стаяць перад маімі вачыма, як жывыя. Здаецца, дастаткова адкруціць час назад — і я зноў іх пабачу, бо я хадзіла зь імі заўсёды, на ўсе мітынгі. Магчыма, ня ўсе яны думалі, як я, з самага пачатку. Але ж усё роўна прыйшлі яны да таго, што краіна павінна быць незалежнай. Для мяне два самыя галоўныя моманты — каб не зьнікалі людзі і каб краіна была незалежнай”.

Мінакам, што ішлі ўздоўж “Ланцугу неабыякавых людзей”, актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі раздавалі ўлёткі з партрэтам Анатоля Красоўскага. Паводле маіх назіраньняў, большасьць пазнавала Красоўскага, зірнуўшы на ягоны фотаздымак.

Віктар Ледзенеў ведае пра зьнікненьне Красоўскага ня больш за астатніх, але ён ня верыць афіцыйным заявам пра тое, што яго сапраўды шукаюць і ня могуць знайсьці:

(Ледзенеў: ) “Не, я ня веру ў тое, што нельга іх знайсьці. Ня веру, што ў гэтай справе Красоўскага, Ганчара ды іншых палітыкаў няма канцоў. Гэта нелягічна. Я мяркую, што для гэтага ёсьць палітычныя прычыны”.

За гадзіну, цягам якой доўжылася акцыя, я ня бачыў, каб нехта выкінуў улётку ў сьметнік. Праўда, былі людзі, якія адмаўляліся ад прапанаваных ім улётак. Звычайна гэта былі маладыя асобы ў складзе кампаніяў альбо вайскоўцы.

Будучы палітоляг Натальля Базылевіч лічыць, што да гэтых людзей проста не падабраны ключык. Сама яна прыйшла на “Ланцуг”, прачытаўшы абвестку ў “Нашай Ніве”, але, паводле яе зьвестак, многія маладыя людзі ўвогуле газэтаў не чытаюць, для іх патрэбныя іншыя формы агітацыі. Крытычна ставячыся да некаторых дзеяньняў апазыцыі, Натальля ўсё ж лічыць, што ад такіх акцыяў адмаўляцца нельга:

(Базылевіч: ) “Мы проста абавязаныя гэта рабіць. Калі мы ўзялі на сябе адказнасьць як палітыкі ці проста як звычайныя грамадзяне за жыцьцё ў гэтай краіне, мы павінны нейкім чынам нагадваць людзям пра тое, што адбываецца. Нават прымушаць людзей гэта бачыць”.

Праўда, узьнікае пытаньне: як паставяцца да гэтага міліцыянты? Сёньняшні “Ланцуг неабыякавых людзей” міліцыя не чапала, аднак уважліва сачыла за ўсімі яго ўдзельнікамі. На вуліцы працавалі два міліцэйскія апэратары, вакол “Ланцугу” круціліся да дзесяці пераапранутых у цывільнае міліцыянтаў. Узмоцнены нарад хаваўся ў падземным пераходзе. Між тым, зьвестак пра затрыманых удзельнікаў акцыі няма.
XS
SM
MD
LG