Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЛЯ ФРАНЦЫІ ТЭМА ЗЬНІКНЕНЬНЯЎ ЛЮДЗЕЙ У БЕЛАРУСІ ПА ПАЛІТЫЧНЫХ МАТЫВАХ –АДЗІН З ПРЫЯРЫТЭТАЎ ЗАМЕЖНАЙ ПАЛІТЫКІ


Ул. інф.

(Лябедзька: ) “Сустрэча з дарадцам Шырака па міжнародных пытаньнях была надзвычай канкрэтнай. Ён заявіў, што для Францыі тэма зьнікненьняў людзей у Беларусі па палітычных матывах становіць адзін з прыярытэтаў замежнай палітыкі. Падобным чынам ставіцца да гэтага і зноў абраны прэзыдэнт Жак Шырак. Па-другое, ён заявіў, што на сустрэчы з Пуціным Шырак абавязкова падыме гэтае пытаньне – пытаньне правоў чалавека ў Беларусі ўвогуле і канкрэтна пытаньне пра зьніклых палітыкаў і журналіста Зьмітра Завадзкага. Гэтыя вельмі дакладныя фармулёўкі сп. Лябуш, дарадца прэзыдэнта Шырака, выказаў якраз у той дзень і ў той час, калі ў палацы, дзе мы знаходзіліся, адбываўся працэс інаўгурацыі Шырака, – я думаю, гэта даволі сымбалічна.

Што датычыць сустрэчаў у Міністэрстве замежных справаў, гэта была сустрэча з прадстаўніком дэпартамэнту ўсходняй палітыкі, чалавекам, які канкрэтна занімаецца праблематыкай Беларусі, Малдовы і Ўкраіны, а таксама з амбасадарам, які займаецца пытаньнем правоў чалавека ў зьнешнепалітычным ведамстве Францыі. Было падкрэсьлена, што Францыя на сёньня займае даволі актыўную пазыцыю ў сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і сам амбасадар падымаў гэтае пытаньне падчас сваіх нядаўніх сустрэчаў у Жэнэве, на паседжаньні камісіі па правах чалавека, са спн. Робінсан, якая адказвае за гэты кірунак у ААН. Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што ён асабіста заангажаваны беларускім пытаньнем. Таму мы адчулі агульны пульс, адчулі, што Францыя, якую мы прывыклі разглядаць як краіну, скіраваную на краіны Афрыкі, Магрыба, яна ўсё ж мае у гэтым кірунку адметную, выразную пазыцыю.

Дарадца Шырака яшчэ падкрэсьліў, што Францыя будзе вельмі катэгарычна настойваць на захаваньні місіі АБСЭ ў Беларусі, бо разглядае яе як вельмі важны інструмэнт аналізу сытуацыі ў Беларусі.

Па-другое, дарадца Шырака адзначыў, што Эўрапейскі Зьвяз не зьбіраецца пераглядаць тую палітыку, якая была выпрацаваная ў 1997 годзе. Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што гэта пакрокавая стратэгія, і толькі тады, калі ў Беларусі будуць адбывацца зьмены, адэкватна будуць адбывацца і зьмены ў стаўленьні да афіцыйнага Менску”.
XS
SM
MD
LG