Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЭЎРАЗЬВЯЗ І АБСЭ ДАЮЦЬ БЕЛАРУСІ КРАЙНІ ТЭРМІН ДЛЯ ПРЫНЯЦЬЦЯ НОВАГА КІРАЎНІКА ГРУПЫ АБСЭ Ў МЕНСКУ — 1 ЧЭРВЕНЯ


Юры Свірко, Менск

Сёньня я патэлефанаваў у Лісабон, у міністэрства замежных справаў Партугаліі, якая сёлета старшынюе ў АБСЭ, ды папрасіў пракамэнтаваць учорашнюю заяву беларускага Міністэрства замежных справаў пра тое, што Эўрапейскі Зьвяз псуе дачыненьні Беларусі з АБСЭ, заклікаючы неадкладна прыняць новага кіраўніка групы АБСЭ ў Менску.

Вось што сказаў з гэтай нагоды прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ ў справах Беларусі, Украіны, Малдовы й Чачэніі Луіш Кабасу:

(Кабасу: ) “Напэўна, мы ня будзем рэагаваць на гэтую заяву. Мы, напэўна, зробім некаторыя захады на працягу найбліжэйшага тыдня або двух”.

Луіш Кабасу патлумачыў такі тэрмін тым, што менавіта праз два тыдні — 1 чэрвеня — заканчваецца дзеяньне беларускае візы Эндру Карпэнтэра, які цяпер ёсьць галоўным дыпляматам у Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ ў Менску.

Калі спадар Карпэнтэр будзе вымушаны зьехаць зь Беларусі гэтак сама, як намесьнік кіраўніка гэтай групы Мішэль Рывалье, якому не падоўжылі візу й дыпляматычную акрэдытацыю, тады АБСЭ й асабліва тыя 15 ейных дзяржаваў-сяброў, якія адначасова ўваходзяць у Эўразьвяз, абяцаюць зрабіць шэраг захадаў.

Мова йдзе найперш пра санкцыі ў дачыненьні да Беларусі.

(Кабасу: ) “Яны (санкцыі), вядома ж, ёсьць часткай таго пакету, які мы зараз вывучаем. Калі сытуацыя не палепшыцца, а зараз няшмат падставаў для аптымізму, калі сытуацыя застанецца ранейшай або пагоршыцца, што таксама можа адбыцца вельмі хутка, дык некаторыя з мажлівасьцяў, якія зараз вывучаюцца, — гэта, вядома ж, санкцыі з боку Эўрапейскага Зьвязу, якія ўжо абмяркоўваюцца ўнутры Эўразьвязу, і, я ня ведаю, мажліва, з боку АБСЭ”, — сказаў Луіш Кабасу з партугальскага дыпляматычнага ведамства.

Што да заявы беларускага МЗС, дзе сьцьвярджалася, што дэклярацыя Эўразьвязу ад 8 траўня пра дачыненьні Беларусі з АБСЭ супярэчыць фундамэнтальным дакумэнтам Эўразьвязу, дык спадар Кабасу мяркуе:

(Кабасу: ) “Гэта больш для спажываньня публікай унутры Беларусі, чымсьці рэальнасьць. Эўрапейскі Зьвяз сёньня мае вельмі актыўную замежную палітыку й палітыку бясьпекі. Эўрапейскі Зьвяз зацьвярджае стратэгіі для рэгіёнаў: ёсьць стратэгія для Цэнтральнай Азіі, абмяркоўваецца стратэгія для Каўказу, ёсьць розныя стратэгіі”.

Таму, зазначыў Луіш Кабасу, беларускае дыпляматычнае ведамства ня мае рацыі, публікуючы падобныя заявы. Што да закліку афіцыйнага Менску на адрас Гішпаніі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, устрымацца ад далейшага разгляду пытаньняў, якія знаходзяцца ў кампэтэнцыі АБСЭ, дык прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ тлумачыць гэты заклік наступным:

(Кабасу: ) “Гэта таму, што Эўрапейскі Зьвяз падтрымлівае палітыку АБСЭ. Эўразьвяз тлумачыць Беларусі: калі яна размаўляе з краінамі ўнутры АБСЭ, яна таксама размаўляе з краінамі Эўрапейскага Зьвязу, якія бяруць удзел у АБСЭ, і што гэтыя краіны ня могуць мець адну палітыку датычна Беларусі ўнутры АБСЭ ды іншую палітыку ўнутры Эўрапейскага Зьвязу. Таму верна наступнае: тое, што адбываецца ў АБСЭ, будзе адбіткам таго, што адбываецца ў Эўразьвязе. І ў гэтым сэнсе заява мае рацыю, таму што мяняецца падыход Эўрапейскага Зьвязу да Беларусі”.

Луіш Кабасу дадаў, што заява Гішпаніі ад імя Эўрапейскага Зьвязу была цалкам узгодненая з суседняй Партугаліяй, якая старшынюе ў АБСЭ, аднак таксама ёсьць сябрам Эўразьвязу, таму ніякіх разыходжаньняў паміж двума старшынямі адносна Беларусі не было й няма.
XS
SM
MD
LG