Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК САПАРМУРАТ НІЯЗАЎ ВУЧЫЎСЯ КІРАВАЦЬ БЕЛАРУСЬСЮ


Ул. інф.

Сапармурат Ніязаў падчас сустрэчы згадаў, што вопыту кіруючай працы ён у свой час вучыўся ў Маскве, Эстоніі і Беларусі:

(Ніязаў: ) “Я, калі працаваў у ЦК КПСС, у 1985 годзе ўпершыню пабываў ў Беларусі. Мне пашчасьціла. Тады я працаваў у арганізацыйным аддзеле, і мяне рыхтавалі да пасады старшыні Савету міністраў Туркменістану. Ягор Лігачоў патэлефанаў Слюнькову і ў Эстонію, першаму сакратару Вайнэ, і ў маскоўскі аблвыканкам. У кожным з гэтых рэгіёнаў я 10 дзён выконваў абавязкі старшыні савету міністраў. І мне далі такую ўстаноўку – сядзець у кабінэце Бровікава, рашае ён –глядзець, потым сесьці замест Бровікава... Я прыбыў у Менск, сустрэў мяне Барташэвіч, зь ім мы былі знаёмыя з курсаў у Маскве. На наступны дзень Слюнькоў расказваў, як трэба працаваць, цэлы дзень ён прысвяціў мне”.

Ніязаў таксама адзначыў, што зараз Туркмэністан будзе вывучаць унікальны шлях разьвіцьця Беларусі, які быў абраны з прыходам да ўлады Лукашэнкі. Што да пэрспэктываў эканамічнага супрацоўніцтва, то, паводле словаў Ніязава, у выніку дамоўленасьцяў Туркмэністан на працягу 10 гадоў штогод будзе купляць у Беларусі 2 тысячы трактароў МТЗ-80, тысячы дваццацітонных МАЗаў і паўтысячы БелАЗаў, а таксама сельскагаспадарчую тэхніку.

Кіраўнік Туркмэністану, які міжнародныя арганізацыі і апазыцыя абвінавачваюць у шматлікіх парушэннях правоў чалавека, патлумачыў сэнс свайго падыходу да гэтай праблемы. Сутнасць яго ў тым, што правы чалавека важныя, але яны павінны захоўвацца ў межах нацыянальных інтарэсаў:

(Ніязаў: ) “Мы ў Туркмэністане так лічым: правы чалавека абавязковыя, але яны павінны быць у межах законаў дзяржавы, яны не павінны падганяцца пад правы тых пакрыўджаных ці крымінальна-злачынных асобаў. У Туркмэністане няма палітычных затрыманых, няма перасьледу, няма рэпрэсіўнага апарату. Вы хадзілі па горадзе – вы ўбачылі свабодных грамадзянаў, якія спакойна гуляюць, якія маюць права на працу, на перамяшчэньне, права выказвацца, права адпачываць, сваю справу арганізаваць – але ўсё гэта ў межах нашага нацыянальнага інтарэсу, не на шкоду яму”.

Ніязаў патлумачыў таксама, чаму ў Туркмэністане афіцыйна няма апазыцыі і дзейнічае толькі адна партыя – ягоная. На думку Ніязава, стварэньне шматпартыйнасьці і існаваньне апазыцыі магчымыя толькі пасьля пераходнага пэрыяду – у Туркмэністане яго вызначылі на 20-30 гадоў. Гэта неабходна, каб не было анархіі – і ў гэтым пляне, як выказаўся Ніязаў, яго пазыцыі супадаюць з пазыцыямі Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка выказаў зацікаўленасьць у тым, каб Туркмэністан працягваў супрацоўніцтва зь Беларусьсю – як у традыцыйных сфэрах – пастаўкі бавоўны і газу, – так і ў новых. Ён паабяцаў, са свайго боку, дапамогу ў мадэрнізацыі вайсковай тэхнікі.
XS
SM
MD
LG