Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ АДБЫВАЕЦЦА МІЖНАРОДНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ “СКАРЫНА І НАШ ЧАС”


Казімер Яноўскі, Гомель

Вітаючы ўдзельнікаў канфэрэнцыі — навукоўцаў зь Беларусі й Польшчы, прарэктар Гомельскага ўнівэрсытэту Дзьмітры Лін зазначыў, што імя выдатнага беларускага асьветніка Францішка Скарыны ў савецкі час замоўчвалася зь дзьвюх прычынаў. Скарыну выстаўлялі рэлігійным дзеячом, але галоўнае — ягоная асоба разбурала афіцыйнае меркаваньне адносна прыярытэту расейскага народу ў шэрагу галінаў навукі й культуры. А Скарына ж на 47 гадоў раней за Івана Фёдарава спрычыніўся да друкаваньня кніг.

Замежныя дасьледчыкі, у прыватнасьці Сымон Брага, сьцьвярджаюць, што з Масквою ў знакамітага беларуса зьвязаны цяжкі пэрыяд жыцьця. Калі Францішак Скарына павёз з Полацку ў Маскву свае друкаваныя кнігі, яны былі там сканфіскаваныя і спаленыя. Гэтую выснову дасьледчыкаў прывёў сёньня падчас выступу на канфэрэнцыі загадчык катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту Аляксандар Баршчэўскі.

Спадар Баршчэўскі наагул зьдзіўлены, што ў Расеі, дзе жыве больш як мільён беларусаў, у навучальных установах няма ніводнай катэдры беларускай філялёгіі. Расейскіх у Беларусі шмат, а беларускіх у Расеі — няма. Такіх катэдраў няма нават у навучальных установах суседніх зь Беларусьсю расейскіх вобласьцяў — Бранскай, Смаленскай, Наўгародзкай. У Польшчы іх зараз чатыры.

Прафэсар з Варшавы лічыць Скарыну найпершым беларускім добраахвотным эмігрантам, які ўвабраў заходнеэўрапейскія ідэі і вярнуўся ў Беларусь, каб увасобіць засвоеныя веды й ідэі на карысьць Бацькаўшчыны.

(Баршчэўскі: ) “Былі часы ў 1930-я гады, калі Скарыну называлі цемрашалам і рэакцыйным папом. Такі падыход быў да гэтага чалавека, і нейкія рэлікты такога падыходу засталіся ў сьвядомасьці — прынамсі, у палітычных і адміністрацыйных дзеячоў. Сёньня мы як бы адкідаем гэту фальшывую тэндэнцыю, адступаем ад няпраўды і стараемся ісьці да праўды”, — сказаў варшаўскі прафэсар беларускага паходжаньня спадар Баршчэўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG