Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЗІРАЛЬНІКІ ЗАЯЎЛЯЮЦЬ ПРА МАГЧЫМЫЯ ЗЬМЕНЫ Ў КІРАЎНІЦТВЕ БЕЛАРУСКІХ СІЛАВЫХ СТРУКТУРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Акрамя Міністэрства абароны, няма ніводнай сілавой структуры, у якой бы неўзабаве не чакаліся значныя кадравыя зьмены. Гэтак сьцьвярджаюць многія назіральнікі, сярод якіх незалежныя экспэрты і дасьведчаныя журналісты.

Паводле гэтых крыніцаў, найбольш верагодная зьмена кіраўніка КГБ, але не выключаецца, што адстаўкі сілавікоў будуць праведзеныя, як кажуць, камплектам — як у 1999 годзе, калі разам з галоўным чэкістам замянілі і генэральнага пракурора, а напярэдадні і міністра ўнутраных справаў.

Паводле крыніцаў, хмары над цяперашнім старшынём КГБ Леанідам Ерыным згусьціліся яшчэ цягам леташніх выбараў. Сьцьвярджаюць, што ў Беларусі тады не хаваючыся працавала група адмыслоўцаў з расейскага ФСБ, якія здабывалі доказы датычнасьці Аляксандра Лукашэнкі і людзей зь ягонага найбліжэйшага атачэньня да зьнікненьня вядомых апазыцыянэраў.

Ведамства Леаніда Ерына гэтым адмыслоўцам быццам бы не перашкаджала, пра што, паводле крыніцаў, паведамілі Лукашэнку. Ня выключана, што зьвесткі зыходзілі ад першага намесьніка Ерына Сьцяпана Сухарэнкі, які быццам бы сам прэтэндуе на пасаду старшыні КГБ. Паводле пэўных крыніцаў, у адрозьненьне ад Ерына, пазыцыі Сухарэнкі пасьля выбараў, наадварот, умацаваліся. Быццам гэта дзякуючы яму былі адхіленыя ад прэзыдэнцкай гонкі такія небясьпечныя для Лукашэнкі канкурэнты, як былы кіраўнік адміністрацыі Леанід Сініцын і былы амбасадар Міхаіл Марыніч.

Ва ўсялякім разе — факт тое, што неўзабаве пасьля выбараў Сьцяпан Сухарэнка атрымаў асабістую падзяку прэзыдэнта, а пасьля і пагоны генэрала КГБ. А зараз яго называюць самым рэальным пераемнікам Леаніда Ерына.

Тое, што адстаўка Ерына магчымая, даў зразумець і Аляксандар Лукашэнка, які жорстка крытыкаваў старшыню КГБ на апошнім паседжаньні ўраду. Ён не хаваў незадавальненьня працай беларускіх чэкістаў і ставіў ім у прыклад расейскіх калегаў, але назіральнікі лічаць, што на самой справе Лукашэнка не задаволены якраз расейскімі чэкістамі. Дакладней, тым, што празь іх кожны ягоны крок адразу становіцца вядомым у Маскве. Менавіта таму паводле загаду Лукашэнкі ў КГБ цяпер нібыта пачалася кадравая чыстка, мэта якой — пазбавіцца магчымых маскоўскіх шпіёнаў.

Праўда, у самім КГБ зьвесткі пра такую чыстку рашуча абвяргаюць і нават не пацьвярджаюць нейкіх надзвычайных кадравых зьменаў. Кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю Фёдар Котаў, у прыватнасьці, заявіў:

(Котаў: ) “У нашых сьценах гэта не абмяркоўваецца, і такой інфармацыі няма. Няма і ніякіх кадравых зьменаў у залежнасьці ад таго, хто з кім працаваў. Канечне, нейкая цякучасьць кадраў ёсьць. Нехта зьехаў працаваць у іншую вобласьць, нехта атрымаў падвышэньне па службовай лесьвіцы, а іншы пайшоў на пэнсію. Але гэта як у звычайным жыцьці”.

Між тым, паводле іншых крыніцаў, сьпіс адказных супрацоўнікаў, якіх накіруюць у адстаўку пасьля зьняцьця з пасады Леаніда Ерына, ужо складзены.

Пры гэтым назіральнікі сыходзяцца ў меркаваньні, што нават самая рашучая чыстка спэцслужбаў не дазволіць пазбавіцца ад расейскага кантролю над імі. “Там кожны другі, калі не расейскі шпіён, то дакладна агент уплыву. Калі Лукашэнка сапраўды хоча пазбавіцца ад вока Масквы, то яму давядзецца закрываць усе спэцслужбы і ствараць новыя. Але дзе набіраць не заангажаваных Масквой людзей? Туды, дзе яны ёсьць, Лукашэнка ня пойдзе, ды яму там і не павераць. Застаецца тасаваць адну і тую ж калоду, прычым рабіць гэта найхутчэй, каб новыя кіраўнікі спэцслужбаў не станавіліся больш моцнымі за былых”, — лічыць адзін з назіральнікаў.

Яшчэ адным агульным меркаваньнем ёсьць тое, што пасьля Леаніда Ерына могуць зьняць з пасадаў міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава і генэральнага пракурора Віктара Шэймана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG