Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “НЁМАНЕ” ЗАМЕСТ РАЗАНАВА — ПРАХАНАЎ


Валянціна Аксак, Менск

Вядомая па адыёзных праграмах “Разговор по существу” журналістка Ніна Чайка зь ня меншым, чым на дзяржаўным радыё, імпэтам узялася выкараняць творы вядомых беларускіх літаратараў са старонак часопісу “Нёман”. Вось што нам паведаміў адказны сакратар выданьня Валянцін Болтач:

(Болтач: ) “Новы будучы галоўны рэдактар прынесла чарговы нумар. У ім на 90% тое, што калектыў рыхтаваў, выкінутае, замененае бог ведама чым. Выкінутыя вядомыя пісьменьнікі — Быкаў, Бураўкін, Тарас, Разанаў...”

Замест твораў гэтых выбітных беларускіх пісьменьнікаў старонкі чарговага нумара “Нёману” зоймуць тэксты шавіністычнага расейскага літаратара Праханава і ягонага беларускага аднадумца Росьцікава.

У такой атмасфэры спадар Болтач і бальшыня ягоных калегаў ня бачыць мажлівасьцяў далейшае працы ў “Нёмане”. Усе супрацоўнікі часопісу атрымалі пісьмовыя папярэджаньні, што з 1 ліпеня будуць звольненыя з рэдакцыі. Хоць кантракты ў многіх зь іх заканчваюцца ў наступным, а ў некаторых — у 2004 годзе. Новага штатнага раскладу ім не абвесьцілі і прапановаў новага працаўладкаваньня не рабілі.

У адрозьненьне ад “нёманцаў”, супрацоўнікі “Крыніцы” самі падалі заявы на звальненьне, хоць новы галоўны рэдактар часопісу Вячаслаў Дашкевіч кажа, што з усімі імі хоча працаваць.

(Дашкевіч: ) “Ну, па-першае, былі прапановы ўсім заставацца. Хацеў бы, каб усе працавалі, таму што перамен вялікіх ня будзе. Крышку будзе больш, магчыма, публіцыстыкі, моладзевы ўхіл будзе акрэсьлены больш”.

А вось што сказаў спадар Дашкевіч пра мажлівасьці друкавацца ў “Крыніцы” тым аўтарам, творы якіх Ніна Чайка зьняла з чарговага нумара “Нёману”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі заўтра да вас прынясуць свае творы Тарас, Разанаў...”

(Дашкевіч: ) “Буду толькі рады...”

Газэту “Літаратура і мастацтва” найменей з усіх выданьняў закранаюць перамены рэдакцыйна-кадравае палітыкі голдынгу. Алесь Пісьмянкоў па-ранейшаму кіруе тыднёвікам. Але з 30 супрацоўнікаў рэдакцыі дзевяць пазбавяцца там месца працы. Хоць, як сказаў нам намесьнік галоўнага рэдактара Віктар Шніп, заявы ў абноўленую рэдакцыю зьбіраюцца падаваць усе.

(Шніп: ) “У часопісах будуць стандартныя рэдакцыі — па дзесяць супрацоўнікаў. А ў нас я ня ведаю, колькі. Мы прапануем дваццаць адну адзінку. Хто застанецца з трыццаці — невядома. Заявы на працу будуць падаваць усе”.

Віктар Шніп сказаў таксама пра мажлівы пераход некаторых супрацоўнікаў часопісаў “Полымя” і “Маладосьць” з адной рэдакцыі ў другую ў залежнасьці ад сымпатыяў да новапрызначаных галоўных рэдактараў:

(Шніп: ) “Некаторыя з “Полымя” пойдуць у “Маладосьць”, некаторыя з “Маладосьці” — у “Полымя”, “Крыніцу”. Туды-сюды, каму які рэдактар падабаецца...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG