Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСПАЧАЛАСЯ НОВАЯ ХВАЛЯ ШАЛЬМАВАНЬНЯ ВАСІЛЯ БЫКАВА


Ігар Карней, Менск

Рэакцыя фактычна забароненых для друку ў дзяржаўных выданьнях творцаў была лёгка прадказальнай: яны ўзгадваюць пра вяртаньне цэнзуры ды падзел на “палітычна надзейных” і пэрсонаў “нон-грата”. Адзін з занесеных у чорны сьпіс — народны паэт Рыгор Барадулін. Ён гэтак паставіўся да пазбаўленьня яго магчымасьці друкавацца ў літаратурных часопісах:

(Барадулін: ) “Быў цікавы паэт, Васіль Вітка. Ён напісаў верш “Жаўранак” і панёс у рэдакцыю. А канцоўку зрабіў такую: “А што, калі не надрукуюць? Ат, жаўранка і так пачуюць!” А што да Скобелева... Мне 66 гадоў, я перажыў мноства рэформаў... Ніхто нікому не забароніць пісаць. Той, хто пісаў, пісаць будзе надалей. Іншая справа, што ўся гэтая рэарганізацыя — дзеля таго, каб зачыніць беларускія выданьні. Але я думаю, што ўзьнікнуць новыя. А ўсе гэтыя “пастаўленыя” — яны як мётлы, іх выкарыстоўваюць паводле прызначэньня. Ці нават венікі: венік калі зьмятаецца, робіцца гальлём. А гальлё выкідваюць”.

У тэлефоннай размове са мной галоўны рэдактар “Інфармацыйнага весьніка адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” Эдуард Скобелеў так патлумачыў свае радыкальныя прапановы прызначаным уладай кіраўнікам часопісаў “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць” і “Крыніца”:

(Скобелеў: ) “Пісьменьнікі, беручы ўдзел у палітычнай барацьбе, прычым на пазыцыях не нацыянальных, а інтэрнацыянальных, шкодзяць сабе; выглядаюць сьмешна. Я ў гэтай сувязі называў і Бураўкіна, і Гілевіча, і, на жаль, нашага любімага Быкава. Калі творчасьць пранізаная палітыканствам — натуральна, яна губляе сэнс. Мне распавядалі сюжэт апошняга апавяданьня Быкава: заварылі чалавека ў трубе. Ну, навошта такія жарсьці? Усім гэтам таварышам трэба даць час апамятацца, прыстасавацца. І калі будуць напісаныя таленавітыя рэчы — няхай нясуць. Але справа ў тым, што на базе таго ідэйнага багажу, якім яны валодаюць, яны проста бясплодныя. Як можна папракаць таго ж Лукашэнку, што ён не працуе на карысьць беларускай нацыі? Сьмешна. Мы ўвесь час кажам, якія нашыя клясыкі вялікія. Але ніколі ня кажам пра іхную творчасьць. А твораў няма. Другараднасьць, запазычанасьць. Можа, якраз зараз надыдзе момант, калі іх крыху зь нябёсаў за ногі сьцягнуць”.

Адказваючы на пытаньне, ці здольны зрабіць літаратурныя пераўтварэньні чалавек, які ня мае нават аддаленага дачыненьня да літаратуры — дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян, – спадар Скобелеў сказаў:

(Скобелеў: ) “Ня толькі ж Касьцян. Яго ж падпіраюць вопытны літаратар Бондар і чэсны, прыстойны чалавек Новікаў. Настрой на карысьць кансэнсусу — нацыянальнага, сумеснай працы на незалежнасьць, на сувэрэнітэт дзяржавы. Як жа бяз гэтых ідэяў?”

А вось гарадзенская паэтка Данута Бічэль памятае і мінулыя хвалі шальмаваньня беларускіх літаратараў. У прыватнасьці, гэта тычыцца “гарадзенскага пэрыяду” Васіля Быкава.

(Бічэль: ) “Такіх паралеляў у жыцьці Быкава было некалькі: першы раз пасьля “Круглянскага моста”, “Мёртвым не баліць” недзе пры канцы 1960-х. Ну, што зробіш? Усё вяртаецца, а, зрэшты, нічога асабліва тут не мянялася. Так што чакаць, што Скобелеў будзе заклікаць, каб Быкава друкавалі — не прыходзіцца. Апанэнты такога кшталту заўсёды будуць вярзьці нешта падобнае. Бяда, што ў іншых няма магчымасьці выказацца на тым самым радыё, дзе гаворыць Скобелеў. Я яго асуджаю.

А Быкаў — гэта нашая вышыня, столь. Апостал, не апостал — ня варта кідацца словамі. Ён нават ня Янка Купала, але лёс ягоны прыблізна такі ж, як і Купалы: трагічны. Нашчадкі, сучасьнікі, мы ўсе павінны яго абараняць як можам, колькі хапае моцы. Хоць бы выказвацца, каб яго пакінулі ў спакоі там, дзе ён ёсьць цяпер”.

Гэта было меркаваньне гарадзенскай паэткі Дануты Бічэль. Пасьля апошніх захадаў дзяржаўных ідэолягаў стварэньне незалежнага літаратурнага часопісу, пра які распавядаў былы рэдактар “Полымя” Сяргей Законьнікаў, многія пісьменьнікі называюць адзіным рэальным выхадам зь цяперашняй сытуацыі.
XS
SM
MD
LG