Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР МУЛЯВІН РАЗМАЎЛЯЕ, АЛЕ СТАН ЯГОНЫ ЦЯЖКІ


Галіна Абакунчык, Менск

На ўсе пытаньні адносна пасьляапэрацыйнага стану вядомага артыста лекары шпіталю адказваюць зь вялікай неахвотай. Спасылаючыся на адміністрацыю, якая забараняе даваць інфармацыю, загадчык рэанімацыйнага аддзяленьня Алег Коршыкаў адмовіўся пацьвердзіць ці абвергнуць учорашнія паведамленьні, што прагучалі з вуснаў кіраўніка Ўпраўленьня ДАІ Леаніда Фармагея. Падчас прэсавай канфэрэнцыі з нагоды надзвычайнага здарэньня, спасылаючыся на лекараў, міліцыянт паведаміў, што Ўладзімер Мулявін паралізаваны. Гаворыць Алег Коршыкаў:

(Коршыкаў: ) “Стан па-ранейшаму цяжкі, а больш я вам нічога сказаць не магу. У мяне ёсьць дакладная каманда, што сваякі супраць усялякай інфармацыі. Таму ўсе пытаньні — да нашай адміністрацыі”.

Тэлефон галоўнага лекара НДІ траўматалёгіі Яўгена Белаенкі сёньня ўвогуле маўчаў. Таму іншыя зьвесткі давялося шукаць сярод дзяжурных лекараў. Адна зь іх, якая не пажадала назваць свайго імя, паведаміла, што, акрамя спэцыялістаў, ні сваякоў, ні знаёмых каля хворага няма. Але гэтыя двое сутак тэлефоны ў аддзяленьні не змаўкаюць: тэлефануюць з усёй Беларусі, а таксама зь дзяржаваў СНД. Прычым, ня толькі журналісты, музыкі ці сябры Ўладзімера Мулявіна, але й зусім пабочныя людзі. Аднак пра цяперашні стан сьпевака дзяжурная лекарка паведаміла не нашмат больш:

(Лекарка: ) “Інфармацыі не даем. Я магу толькі сказаць, што ён у прытомнасьці й размаўляе. І за гэта дзякуй Богу”.

Аднак, паводле ейных словаў, спэцыялісты не сьпяшаюцца рабіць нейкія прагнозы. Як зьменіцца цяперашні крытычны стан Уладзімера Мулявіна, стане зразумела ў наступныя дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG