Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЕКТ РЭФАРМАВАНЬНЯ МЯСЦОВАЙ УЛАДЫ Ў БЕЛАРУСІ НЕ ПРАДУГЛЕДЖВАЕ ВЫБАРНАСЬЦІ КІРАЎНІКОЎ “ВЭРТЫКАЛІ”


Уладзімер Глод, Менск

Рэфармаваць мясцовую ўладу плянуецца трыма этапамі. Першы разьлічаны на 2002 і 2003 гады, уключае ў сябе канчатковую падрыхтоўку канцэпцыі і яе зацьверджаньне кіраўніком дзяржавы.

Другі, аж да 2015 году, прадугледжвае дэцэнтралізацыю дзяржаўнай улады, перадачу частку функцыяў цэнтру і абласьцей сельскім, пасялковым і раённым саветам. На трэцім этапе сыстэму мясцовага самакіраваньня хочуць вылучыць з сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня. Акрамя таго, мяркуецца стварыць асацыяцыю мясцовых уладаў.

Аднак пры гэтым канцэпцыя прадугледжвае стварэньне і так званага дзяржаўнага каардыцыйнага органу, адказнага за мясцовае самакіраваньне. Дарэчы, гэтыя функцыі могуць быць адданыя прэзыдэнту, ураду альбо савету рэспублікі.

Пракамэнтаваць канцэпцыю я папрасіў дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Вячаслава Герасіменку, які займаўся пытаньнямі самакіраваньня. Гаворыць спадар Герасіменка:

(Герасіменка: ) “Яшчэ ў лютым 1996 году я асабіста размаўляў са старшынём камісіі Вярхоўнага Савету ў справах дзяржаўнага будаўніцтва і самакіраваньня Ўладзімерам Савічавым. І мы зь ім пагадзіліся, што неабходна пашыраць функцыі мясцовага самакіраваньня і найперш ліквідаваць “вэртыкаль” улады. Савічаў даў заданьне свайму намесьніку Навасяду, каб той распрацаваў новы праект закону аб самакіраваньні.

Восеньню такі праект закону быў, і плянавалася, што на восеньскай сэсіі ён будзе прыняты з мэтай, каб ужо вясной 1997 году правесьці прамыя, тайныя, на альтэрнатыўнай аснове выбары кіраўнікоў мясцовай улады. Але ж восеньню 1996 году, як вядома, адбыліся сумныя падзеі — разгром Вярхоўнага Савету. І як бачым, да гэтага часу пытаньне “вісіць у паветры”.

Наколькі мне вядома, у законапраекце, што знаходзіцца ў “палатцы”, адсутнічае паняцьце выбарнасьці старшыняў мясцовых уладаў. Гэта значыць, што застаецца тая ж самая “вэртыкаль”. А паколькі існуе “вэртыкаль”, значыць, любая размова пра пашырэньне функцыяў мясцовай улады ёсьць ні што іншае, як звычайная баўбатня. А што значыць аж да 2015 году? Адна справа, калі трэба рэфармаваць эканоміку. А тут? Проста пашырыць функцыі мясцовай улады. Дык для гэтага трэба 15 гадоў?”

І яшчэ адна рэч выклікае пытаньні да распрацоўшчыкаў новай канцэпцыі. Эканамічная незалежнасьць, якую мяркуюць даць мясцовым органам кіраваньня і самакіраваньня, вельмі нязначная.

На думку экспэртаў, рэальнае мясцовае кіраваньне, а тым больш самакіраваньне, немагчымае бязь зьменаў Канстытуцыі.
XS
SM
MD
LG