Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД НАД “ПАГОНЯЙ” АДКЛАЛІ ДА 4 ЧЭРВЕНЯ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Прычына адкладу — хвароба пракурора Ўладзімера Рабава, які захварэў зьнянацку ўчора. Замест яго прызначылі новага дзяржаўнага абвінаваўцу — Яўгена Шчэрбака. Ён папрасіў у судзьдзі Тацяны Клімавай час для азнаямленьня з крымінальнай справай супраць журналістаў.

Мінулым разам у прызначаны дзень працэс нават не пачаўся — у сувязі з раптоўнай хваробай судзьдзі. Мікола Маркевіч назваў гэта адмысловай хваробай беларускага судоўніцтва. Ягоны адвакат Сяргей Цурко прызнаўся, што ня ўпэўнены, што 4 чэрвеня адбудзецца суд, бо раптам яшчэ што здарыцца ў Горадні — грымоты альбо землятрус.

Сам Мікола Маркевіч на ганку судовага будынку пракамэнтаваў сёньняшні няўдалы пачатак суду:

(Маркевіч: ) “Мая першая рэакцыя, ужо калі казаць шчыра, — расчараваньне. Таму што знаходзіцца ў такім стане сапраўды вельмі цяжка — і маральна, і фізычна, і матэрыяльна. Я яшчэ проста ўражаны тым, наколькі прымітыўныя крокі робіць гэтая ўлада. Замест таго, каб выправіць памылку і папрасіць прабачэньня ў тых людзей, якім яны нанесьлі шкоду, гэта значыць — ня толькі мне і Паўлу, гэта значыць — усім чытачам “Пагоні”, гэтыя людзі пачынаюць выкручвацца, шукаць нейкія хады-выхады, пачынаюць хварэць. Я думаю, што гэта шлях у нікуды.

Я ўпэўнены, што рана ці позна гэты працэс павінен быць з адпаведнымі прабачэньнямі закрыты. А чаму так будзе і на чым грунтуецца мая ўпэўненасьць? На той велізарнай падтрымцы, якая сёньня ёсьць унутры краіны, у Горадні. На той велізарнай міжнароднай падтрымцы. Сёньня, калі я пабачыў, што на гэты працэс прыехалі назіральнікі з амбасадаў Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі, Чэхіі, Нямеччыны, Польшчы, я зразумеў, што мы не адны. Я зразумеў, што гэтай уладзе фактычна будзе немагчыма зрабіць намечаную ёю расправу”.

Павал Мажэйка падзяляе ягоную думку:

(Мажэйка: ) “На маю думку, гэта відавочна — як бы палітычная хвароба беларускага правасудзьдзя. Другі раз — тым разам судзьдзя, а гэтым разам пракурор. Відавочна, што паўплывала на гэта велізарная колькасьць людзей і прысутнасьць міжнародных назіральнікаў ад амбасады ЗША, Вялікабрытаніі, Чэхіі, Польшчы. Я думаю, што гэта стала асноўнай прычынай пераносу працэсу на далейшы тэрмін”.

Трэба адзначыць, што для судовага разбору выдзелілі зусім невялікую залю, у яе змаглі трапіць толькі каля 30 чалавек. Астатніх міліцыя не пусьціла. Ня трапілі й некаторыя журналісты.

Навіной стала і прыбыцьцё здымачнай групы АТН Беларускага тэлебачаньня, хаця яна спазьнілася. Але на прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася потым, сам гэты факт быў абмеркаваны.

Дагэтуль улады замоўчвалі справу журналістаў “Пагоні”. А цяпер вырашылі заняцца контарпрапагандай празь дзяржаўныя мас-мэдыі, бо за мяжой пайшоў шырокі розгалас пра перасьлед у Беларусі журналістаў незалежных газэтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG