Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ І ЗША ДАМАЎЛЯЮЦЦА ПРА СКАРАЧЭНЬНЕ ЯДЗЕРНЫХ АРСЭНАЛАЎ


Алесь Грыневіч, Прага

Мы зьвярнуліся па камэнтар да аналітыка нашага радыё Дона Джэнсэна. На думку спадара Джэнсэна, новае пагадненьне трэба разглядаць ў кантэксьце пацяпленьня адносінаў паміж Расеяй і Захадам.

(Джэнсэн: ) “Расейцы паспрабавалі атрымаць найлепшы магчымы вынік, маючы слабыя пазыцыі. Яны атрымалі разуменьне таго, якімі будуць стратэгічныя пляны ЗША на наступныя 10 гадоў і якія ў іх стратэгічныя магчымасьці датычна ядзернай зброі. Такім чынам, Расея можа ажыццявіць свае пляны па зьмяншэньні памераў і кошту сваіх стратэгічных сілаў і, магчыма, распрацаваць новыя ракетныя сыстэмы, якія дазволяць ёй застацца ядзернай дзяржавай, але зменшыць ваенныя выдаткі зь бюджэту.

Але перадусім, Расея, на маю думку, атрымае разуменьне з боку Злучаных Штатаў і Заходняй Эўропы і будзе больш шчыльна інтэгравацца з Захадам у палітычным, эканамічным і вайсковым пляне. І мы пабачым у дакумэнтах НАТО, якія зьявяцца ў гэтым месяцы, што супрацоўніцтва з Расеяй у справах НАТО будзе значна бліжэйшым, чым раней. Пасьля гэтага, на маю думку, адносна хутка зьявяцца больш шчыльныя эканамічныя ды іншыя стасункі”.

Спадар Джэнсэн таксама лічыць, што эканамічная сытуацыя вымусіць Расею зьнішчыць баегалоўкі, якія будуць здымацца з ракетаў, бо ў яе няма грошай складаваць іх. ЗША пакідаюць за сабой права захоўваць свае баегалоўкі, супраць чаго выступала Расея. Мы запыталіся, ці могуць узьнікнуць праблемы зь бясьпекай пры захаваньні, калі Расея ўсё ж вырашыць таксама не зьнішчаць свае баегалоўкі.

(Джэнсэн: ) “Так, гэта можа быць праблемай. Але я ня думаю, што расейцы прызнаюць яе існаваньне. Праблемы захаваньня, праблемы ўцечак ці праблемы з тэрарызмам – расейцы ўвесь час казалі, што Захаду няма аб чым хвалявацца. Гэта тое, што можа хваляваць Захад, але я ня думаю, што бакі падчас гэтых перамоваў выходзілі з таго, што Расея няздольная кантраляваць свае ўзбраеньні. Расейскае рашэньне ў асноўным грунтуецца на эканамічных і стратэгічных меркаваньнях, а не на хваляваньнях, звязаных з экалёгіяй ці тэрарызмам”.
XS
SM
MD
LG