Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІЦЫЯ КАРЭІ НАПЯРЭДАДНІ ЧЭМПІЯНАТУ СЬВЕТУ ЗМАГАЕЦЦА З НАЧНЫМІ КЛЮБАМІ


Віталь Цыганкоў, Прага

Сэульскія паліцыянты прыбылі ў дом 25-гадовай мадэлькі, назавем яе Джэй, а 8-й гадзіне раніцы, паднялі яе з ложка, прывезьлі ў бліжэйшы паліцэйскі ўчастак. У Джэй узялі аналіз мачы і, адхіліўшы яе законныя патрабаваньні, заявілі, што яна клюбны заўсёднік і наркаман. Пад такім маральным уціскам Джэй прызнала, што нядаўна прымала таблеткі “экстазі” ў адным з клюбаў у Нью-Ёрку. Паліцыянты сказалі, што цяпер законы зьмяніліся, і адгэтуль карэйцам забаронена ўжываць наркотыкі паўсюль у сьвеце.

Джэй арыштоўваюць. Калі яна пытаецца, на якіх падставах, адзін з афіцэраў адказвае – “Ты сама прызналася”. Спадзеючыся злавіць “вялікую рыбу”, як выказаўся адзін з паліцыянтаў, афіцэр кажа, што зь ёй будуць абыходзіцца даволі мякка, калі яна назаве імёны іншых людзей, якія ўжываюць наркотыкі – пажадана каго-небудзь важнага і вядомага. Джэй адмовілася, але яе мэнэджэр выдаў паліцыі некаторыя імёны. У наступныя тыдні каля 40 мадэлек, былых каралеў прыгажосьці былі затрыманыя паліцыяй падчас наркарэйдаў у барах і клюбах Сэулу.

Сталіца Паўднёвай Карэі хоча стаць турыстычным цэнтрам Азіі, побач з Ганконгам, Токіё ды Сынгапурам, аднак гэтыя амбіцыі сутыкаюцца з карэйскай кансэрватыўнай і часам ксэнафобскай традыцыяй. Напярэдадні чэмпіянату сьвету па футболе, які пачнецца 31 траўня ў Паўднёвай Карэі і Японіі і на які прыедуць сотні тысяч футбольных заўзятараў, муніцыпалітэт Сэула прэзэнтаваў раён Хонгдае як месца, дзе турысты могуць весяліцца да раніцы. Многія маладыя карэйцы робяць гэта ўжо зараз. Аднак мясцовая паліцыя, незадаволеная такім замежным уплывам, мае альтэрнатыўны погляд на гэтыя вечарынкі.

Пад маркай ачысткі Сэула перад чэмпіянатам сьвету паліцыя па-сутнасьці граміць начныя клюбы. Паліцыянты арыштоўваюць клюбных наведнікаў па абвінавачаньні ў валоданьні наркотыкамі, штрафуюць гаспадароў бараў, кідаючы некаторых за краты. Рост напружаньня паміж паліцыяй і клюбамі – таксама як паміж прадстаўнікамі двух варагуючых поглядаў на гэтую праблему ў адміністрацыі Сэула – пагражае ўдушыць ідэю стварэньня забаўляльнага раёну ў карэйскай сталіцы.

Адна з прычынаў такіх паводзінаў паліцыі ў тым, што карэйскія законы, датычныя дзейнасьці бараў і клюбаў, вельмі архаічныя. Танцы недазволеныя, калі клюб не купіў дастаткова дарагую адмысловую ліцэнзію. Вялізныя карэйскія клюбы, якія звычайна кантралююцца мафіяй, могуць сабе дазволіць такую ліцэнзію, але гэта не пад сілу маленькім падвальным барам. Таму штодзённыя паліцэйскія рэйды тут звычайная зьява. “Паліцыя выконвае функцыю мафіі”, – кажа адзін з гаспадароў клюбу, які стала плаціць прадстаўнікам правахоўных органаў, каб захоўваць жыцьцё свайму бізнэсу.

У той час як увесь Сэул заціхае прыблізна ў поўнач, раён Хонгдае гудзіць усю ноч. Аднак пераапранутыя паліцыянты часта таксама прыходзяць у клюбы, шукаючы тых, хто ўжывае наркотыкі. Яны асабліва зьвяртаюць увагу на тых карэйцаў, якія гавораць па-ангельску, носяць мешкаватыя штаны і п’юць ваду (магчымая прыкмета ўжываньня таблетак экстазі).

Натуральна, уласьнікі клюбаў незадаволеныя такімі паводзінамі паліцыі і робяць свае крокі. Яны аб’ядналіся і праводзяць раз у месяц “Клюбны дзень” – усе даходы, атрыманыя ў гэты дзень, ідуць на працу адвакатаў, якія змагаюцца за тое, каб надаць раёну Хонгдае статус адмысловай турысцкай зоны. Зрэшты, далёка ня ўсе ўпэўненыя, што тут удасца што-небудзь зьмяніць, прынамсі найбліжэйшым часам. Вось што кажа Чой Юнг-хан з Цэнтру культуры і спорту: “Прычыны, чаму клюбная культура ў Карэі падаўляецца, у тым, што старэйшае пакаленьне, якое валодае адміністратыўным кантролем, не прымае новую нефармальную культуру маладога пакаленьня. Яны прытрымліваюцца старых законаў, якія даўно адсталі ад часу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG