Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫНОЎНІКІ НА МЕСЦАХ ІГНАРУЮЦЬ ПАЛАЖЭНЬНІ ЗАКОНУ АБ АДУКАЦЫІ, СКІРАВАНЫЯ НА ПАШЫРЭНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ШКОЛАХ


Валянціна Аксак, Менск

Моўны статус школаў, садкоў, гімназіяў ды вышэйшых навучальных установаў, якія будуць адкрытыя з новага навучальнага году, ня трэба абмяркоўваць з грамадзкасьцю. Для беларусаў яны мусяць быць беларускамоўнымі. Практыка патрабаваньня адміністрацыямі заяваў пра мову навучаньня не прадугледжаная ніводным заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь.

Чыноўнікі на месцах, аднак, ня згодныя з гэткаю трактоўкаю юрыстамі новае рэдакцыі Закону аб адукацыі і называюць іншыя дакумэнты, якімі паслугоўваюцца ў сваёй практыцы. Вось што мне сказаў начальнік абласное ўправы адукацыі Гарадзенскага аблвынкаму Ўладзімер Гаўрон:

(Гаўрон: ) “Ёсьць нарматыўная база палажэньняў пра сярэднеадукацыйную школу. Там гаворыцца пра тое, што бацькі пішуць заявы і пра тое, што яны ўказваюць мову навучаньня. На падставе гэтых заяваў і фармуюцца клясы”.

У сувязі з працягам такой чыноўніцкай практыкі актывісты Таварыства беларускае мовы даюць свае практычныя парады, як пачынаць ствараць беларускія школы. Гаворыць намесьніца старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч:

(Дзіцэвіч: ) “Трэба набраць спачатку беларускую клясу. Але многія кажуць, што гэта немажліва, бо няма заяваў. Ну, то трэба ініцыяваць заявы... Ствараць бацькоўскія камітэты беларускамоўных вучняў. А далей як ім дзейнічаць, як шукаць настаўнікаў, падручнікі і г.д. — сыстэма ў нас адпрацаваная. Зьвяртайцеся ў Таварыства беларускае мовы”.

(Карэспандэнтка: ) “Часта на месцах бацькам, якія падалі некалькі заяваў на вучобу сваіх дзяцей па-беларуску, кажуць, што немажліва адчыніць малакамплектную клясу — фінансавыя органы не дазваляюць. Ці сапраўды нейкія законы рэглямэнтуюць колькасьць вучняў у беларускай клясе, ці гэта — самадзейнасьць мясцовых чыноўнікаў?”

(Дзіцэвіч: ) “Прыняты Закон аб адукацыі, у якім гаворыцца, што беларускамоўнай адукацыі і ўвогуле беларускай мове ў адукацыі будзе дзяржаўная падтрымка. Менавіта на гэта зьвяртаю ўвагу. А што значыць дзяржаўная падтрымка? Гэта значыць, што яна будзе і гэтым тром ці чатыром дзецям, якія хочуць вучыцца па-беларуску”.

І яшчэ адна парада спадарыні Дзіцэвіч. Гэтым разам ужо адносна дачыненьняў актывістаў беларушчыны зь непрыхільнымі чыноўнікамі:

(Дзіцэвіч: ) “Як мы паступалі раней: гэты вось чыноўнік нам не спрыяе, значыць, я зь ім ня буду кантактаваць далей, зь дзяржавай кантактаваць ня буду... Мы ж жывем тут, і нам трэба зь імі кантактаваць. Нам ніхто не прышле чыноўніка, які б думаў па-беларуску, гаварыў па-беларуску і спрыяў беларушчыне. Нам трэба вырошчваць сваіх. І тады, калі сёньня ў нас трасянкамоўны чыноўнік беларушчыну ўспрымае толькі для птушачкі ў справаздачы пра Беларусь, заўтра ён больш падумае пра яе, а пасьлязаўтра ён адчуе, што гэта — яго зямля, школа, краіна і адраджэньне, і беларуская мова”.
XS
SM
MD
LG