Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“УЛАДНЫЯ СТРУКТУРЫ БЕЛАРУСІ АБЫЯКАВЫЯ ДА ЛЁСУ ЗЬНІКЛЫХ ЛЮДЗЕЙ”


Алена Панкратава, Менск

Група праваабаронцаў з паўночна-нямецкай філіі “Amnesty International” накіравала ліст у Менск яшчэ 12 сакавіка, але атрымаць адказ на яго гэтыя людзі не разьлічваюць. Паводле нямецкіх праваабаронцаў, сваю задачу яны бачаць у тым, каб пісаць падобныя лісты далей і адпаведна інфармаваць грамадзкасьць.

Канкрэтны адрасат групы “Amnesty International” — беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Менавіта ад яго немцы чакаюць адказу на пытаньне, што сталася са зьніклым віцэ-сьпікерам Ганчаром, міністрам Захаранкам, прадпрымальнікам Красоўскім, журналістам Завадзкім. Ужо некалькі гадоў пра лёс гэтых людзей нічога не вядома. Праўдападобна, іх няма жывых, — лічыць праваабаронца Вэрнэр Вюрман.

У свой час спадар Вюрман, ягоныя калегі, як і іншыя эўрапейскія праваабаронцы, занепакоеныя тым, што асуджаныя забойцы Завадзкага будуць пакараныя сьмерцю, накіравалі шмат апэляцыяў у найвышэйшыя беларускія судовыя інстанцыі, каб зьмяніць гэтае пакараньне на іншы прысуд.

У сваім лісьце да прэзыдэнта Лукашэнкі прадстаўнікі паўночна-нямецкай “Amnesty International” крытыкуюць адпаведныя дзяржаўныя структуры Беларусі за тое, што тыя недастаткова адказна працавалі над высьвятленьнем лёсу зьніклых беларусаў.

“Карыстаючыся вялікім уплывам на жыхароў краіны, вы, спадар прэзыдэнт, павінны весьці сваю краіну ў гэтым кірунку”, — цытуе “Weser Kurier” урывак зь ліста нямецкіх праваабаронцаў да Аляксандра Лукашэнкі. Аднак, падкрэсьлівае аўтар артыкулу, слова “ўплыў” у гэтым выпадку ёсьць перабольшаньнем”.

“Лукашэнка кіруе сваёй краінай па-дыктатарску. Апошнія прэзыдэнцкія выбары ў краіне, паводле міжнародных назіральнікаў, былі сфальшаваныя, беларускі рэжым перасьледуе апазыцыю. Апошнім часам па віне беларускага боку скарачаюцца замежныя кантакты краіны. Сумна, што ад усяго гэтага пакутуюць новыя пакаленьні беларусаў”, — піша “Weser Kurier”.

Тым часам другое нямецкае выданьне “Sueddeutsche Zeitung” у сваёй традыцыйнай рубрыцы “Людзі” зьмясьціла нататкі пра клопат беларускага кіраўніцтва аб будучыні краіны. Цытуючы прэсавага сакратара беларускага прэзыдэнта, выданьне піша пра тое, што беларуская моладзь павінна атрымаць годнае эстэтычнае выхаваньне.

Беларускі лідэр абвесьціў сапраўдную барацьбу за прыгажосьць у грамадзтве. Ён — за адпаведныя конкурсы, за тое, каб беларускае нацыянальнае адзеньне і мода сталі папулярнымі ва ўсім сьвеце. Як піша выданьне, беларускія жанчыны не прыйшлі ў захапленьне ад падобных ідэяў. “Функцыянэры павінны лепш клапаціцца пра дзяцей-сіротаў і змагацца супраць прастытуцыі й злачыннасьці”, — цытуе словы беларускіх жанчын нямецкая “Sueddeutsche Zeitung”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG