Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАН УЛАДЗІМЕРА МУЛЯВІНА ЗАСТАЕЦЦА КРЫТЫЧНЫМ


Ігар Карней, Менск

Аварыя здарылася на ўчастку шашы Заслаўе–Калодзішчы, і супрацоўнікі ДАІ надзвычай сур’ёзныя наступствы ад сутыкненьня “мэрсэдэса” Ўладзімера Мулявіна з дрэвамі на адхоне папярэдне тлумачаць альбо перавышэньнем хуткасьці, альбо тэхнічнай няспраўнасьцю аўтамабіля.

Начальнік дарожна-патрульнай службы ДАІ краіны Аляксандар Чарткоў спадзяецца, што толькі адпаведная экспэртыза дазволіць высьветліць сапраўдныя прычыны аварыі:

(Чарткоў: ) “Калі здараюцца такія аварыі, папярэдне нешта казаць вельмі складана. Магло быць шмат сытуацыяў. Мог сам ня справіцца з кіраваньнем, мог cтраціць пільнасьць, магла быць няспраўнасьць — кола тое ж... Калі справа ў колах, то экспэрт адразу вылічыць: да аварыі яно адвалілася ці ў момант удару. Але мне здаецца, што, магчыма, у гэты паварот ён крыху не ўпісаўся. Выскачыў на ўзбочыну, хапануў коламі пясочку, згубіў кантроль над кіраваньнем.

Дарэчы, паводле статыстыкі, па краіне перакульваньняў вельмі шмат — амаль празь дзень. Што да тэрмінаў экспэртызы – калі звычайнае дазнаньне, то зойме 10 дзён. Калі запатрабуецца сьледзтва, то тэрміны іншыя. Шмат будзе залежыць ад стану здароўя Мулявіна: паколькі сьведкаў няма, трэба дапытваць яго”.

Паводле інспэктараў ДАІ, якія выяжджалі на месца здарэньня, Уладзімер Мулявін пасьля аварыі быў у прытомнасьці й нават сам папрасіў пэрсанал “хуткай дапамогі” адвезьці яго менавіта ў 2-гі клінічны шпіталь Менску, дзе працуюць ягоныя знаёмыя лекары. Але калі стала зразумела, што запатрабуецца хірургічнае ўмяшальніцтва, Мулявіна перавезьлі ў НДІ траўматалёгіі і артапэдыі. Туды амаль адразу ж прыехаў учора адзін з блізкіх сяброў — Лявон Барткевіч.

(Барткевіч: ) “Пасьля ўчорашняй апэрацыі нас туды не пускаюць, і цяпер мы толькі тэлефануем, каб даведацца пра стан. Але дакладна ніхто нічога ня кажа”.

(Карэспандэнт: ) “Вы павінны былі ляцець на гастролі ў Сыбір...”

(Барткевіч: ) “Нават самі яшчэ ня ведаем, што будзем рабіць. Бо графік расьпісаны, квіткі прададзеныя. Дагэтуль былі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве. Апошні раз былі ў Пярмі, на Ўрале, толькі прыехалі, і вось такі інцыдэнт. Зараз сочым толькі ды Богу молімся”.

(Карэспандэнт: ) “Вы даўно ведаеце Мулявіна. Любіў ён хутка езьдзіць?”

(Барткевіч: ) “Ён вельмі добры кіроўца. Любіць машыны, і ніколі ў падобныя сытуацыі не трапляў. Вельмі акуратна да ўсяго ставіцца, выдатна ведае аўтамабіль. І вось гэткае недарэчнае здарэньне...”

У НДІ траўматалёгіі катэгарычна адмаўляюцца даваць інфармацыю пра стан Уладзімера Мулявіна. Як паведаміў адзін з супрацоўнікаў інстытуту, міністар культуры Леанід Гуляка загадаў галоўнаму лекару ўстрымацца ад усялякіх кантактаў з прэсай. На ўмовах ананімнасьці лекар распавядае нам:

(Супрацоўнік НДІ: ) “Вельмі цяжкі стан. І ўвогуле ягонае жыцьцё пад вялікім пытаньнем. Надзвычай складаная траўма хрыбта, якая, скажам так, без наступстваў не застанецца. Натуральна, заўсёды пакідаем нейкі шанец, але ў дадзеным выпадку гарантаваць нешта немагчыма: пашкоджаны шыйны аддзел хрыбта, закрануты сьпінны мозг. Зараз Мулявін у рэанімацыі, падключаны да апарату штучнага дыханьня.

Сама ж апэрацыя была зробленая, каб даць нейкі шанец. Бо толькі ў часе апэрацыі бачна, у якім стане сьпінны мозг, да апэрацыі вызначыць гэта цяжка. Зараз гаворка йдзе пра змаганьне за жыцьцё, і пакуль што без прагнозаў: будзе хадзіць альбо не. Паказчыкі на жыцьцё выявяцца цягам аднаго–двух дзён. А нэўралягічныя парушэньні бачныя ўжо зараз”.

Сёньня вечарам ансамбль “Песьняры” меўся выправіцца ў гастрольнае турнэ па Сыбіру. Паводле блізкіх да калектыву колаў, пакуль што прызначаны на 17 траўня канцэрт у Наябарску Цюменскай вобласьці не адменены.
XS
SM
MD
LG