Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС ЛІЧЫЦЬ ЗАЯВУ ЭЎРАЗЬВЯЗУ ЦІСКАМ НА БЕЛАРУСЬ


Валер Каліноўскі, Менск

8 траўня Гішпанія, якая старшынюе ў Эўразьвязе, выступіла з заявай, у якой скрытыкавала адмову Беларусі прадоўжыць візу і дыпляматычную акрэдытацыю выканаўцу абавязкаў кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Мішэлю Рывалье.

Эўразьвяз таксама заклікаў Беларусь як найхутчэй прыняць новага кіраўніка групы АБСЭ Эбэргарда Гайкена ды заявіў пра намер сачыць за далейшым разьвіцьцём дачыненьняў АБСЭ і Беларусі.

Аднак беларускія ўлады не пагадзіліся выканаць гэтыя патрабаваньні Эўразьвязу. Адказ МЗС Беларусі зьявіўся толькі праз тыдзень. Беларускае замежнапалітычнае ведамства заявіла, што гэтая заява Эўразьвязу “супярэчыць прынцыпам, закладзеным у базавыя дакумэнты ЭЗ”, і што нібыта гэтым Эўразьвяз умешваецца ў дачыненьні Беларусі і АБСЭ:

“Беларускі бок разглядае такі падыход як наўпросты ціск на беларускую дзяржаву і АБСЭ з боку Эўразьвязу ды прапануе гішпанскаму старшынёўству адмовіцца ад дзеяньняў, якія шкодзяць супрацоўніцтву Беларусі з АБСЭ”.

Беларускае замежнапалітычнае ведамства лічыць, што Эўразьвяз разглядае групу АБСЭ як сваё палітыка-дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Менску. МЗС Беларусі абвінаваціла менавіта краіны ЭЗ у адмове ад перамоваў пра перагляд мандату групы АБСЭ ў Менску.

Падобны адказ на заяву Эўразьвязу не адпавядае дыпляматычным нормам, лічыць былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Не адпавядае, канечне. Гэта даволі хамскі адказ. Вядома, што ўсе краіны Эўразьвязу цалкам уваходзяць у АБСЭ , і ў іх ня можа быць адрозьненьняў у палітыцы ў дачыненьні да пэўных праблемаў ці краінаў. Таму Эўразьвяз мае ўсе падставы, каб рабіць гэтыя заявы. Бо мы ведаем, што адбываецца каардынацыя паміж міжнароднымі арганізацыямі ў тым, што тычыцца Беларусі. Тут працавалі нават сумесныя місіі, напрыклад, тройка Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, АБСЭ і Эўрапарлямэнту. Таму трэба прызнаць, што гэта была даволі прынцыповая заява ў падтрымку АБСЭ, і не лічыцца з гэтай заявай Эўразьвязу немагчыма, таму што гэтая арганізацыя наймацнейшая ў Эўропе”.

Такім чынам, крызысная сытуацыя ў адносінах Беларусі і АБСЭ пасьля ўмяшальніцтва Эўразьвязу не наблізілася да вырашэньня. Цяпер у групе АБСЭ ў Менску засталіся тры замежныя дыпляматы — грамадзяне Малдовы, ЗША і Вялікабрытаніі. Эндру Карпэнтэр, які цяпер выконвае функцыі кіраўніка місіі АБСЭ, празь некалькі месяцаў можа сутыкнуцца з той жа праблемай, што і спадар Рывалье — у яго заканчваецца беларуская віза.

Гаворыць А.Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Можна прагназаваць, што беларускія ўлады паспрабуюць вось такім чынам пазбавіцца ад супрацоўнікаў місіі АБСЭ. Я лічу, што тут адзіная пазыцыя АБСЭ павінна быць, прынцыповая: каб яны настойвалі на ўзнаўленьні працы АБСЭ ў поўным маштабе, каб зьявіўся кіраўнік місіі АБСЭ тут у Беларусі. Яны маюць гэтыя магчымасьці”.

Але спадар Саньнікаў мяркуе, што нягледзячы на гэты ціск афіцыйнага Менску, зьмены мандату групы АБСЭ не адбудзецца, бо гэта азначала б пэўнае прызнаньне легітымнасьці дзеяньняў беларускіх уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG