Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА СПРАВУ ЮРАСЯ КОРБАНА БУДУЦЬ ГАВАРЫЦЬ НА СЛУХАНЬНЯХ ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА Ў ПАРЫЖЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ніна Корбан нічога ня ведае пра лёс свайго сына амаль чатыры месяцы. 19 студзеня ўвечары 23-гадовы кіраўнік віцебскага Цэнтру моладзевых ініцыятываў “Контур” Юрась Корбан патэлефанаваў бацькам і сказаў, што хутка да іх прыйдзе. Аднак дома ён так і не зьявіўся. Потым было яшчэ некалькі тэлефанаваньняў. Юрась казаў маці, што невядомыя злачынцы патрабуюць выкуп за ягонае жыцьцё. Але калі бацькі прыехалі з грашыма ў Менск, ніхто са злачынцаў зь імі на сувязь ня выйшаў.

Ніна Корбан зьвярнулася з заявай пра зьнікненьне сына ў пракуратуру, пасьля чаго была заведзеная крымінальная й пошукавая справа. Аднак, паводле спадарыні Корбан, яе сына шукалі фармальна, і ўжо 21 сакавіка Чыгуначны райаддзел міліцыі Віцебску спыніў пошукі. Праўда, крымінальная справа яшчэ працягнутая да 26 траўня.

Нядаўна сьледчы Анатоль Харытановіч паведаміў Ніне Корбан, што цяпер пошукамі яе сына будзе займацца Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў, які завёў на Юрася Корбана крымінальную справу, бо быццам бы цэнтар “Контур” не плаціў падаткаў.

Але маці перакананая, што гэтае выкраданьне — палітычнае. Вось што яна сказала на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі:

(Корбан: ) “Ягонае зьнікненьне не падобнае да зьнікненьняў вядомых людзей. Тут трохі іншы сцэнар, і ён вельмі разумна распрацаваны. Каб адхіліць нас у бок, каб адцягнуць грамадзкую ўвагу ды зацягнуць час. І ў прынцыпе гэта ўдалося. Гэта менавіта разумны сцэнар — і ўсё гэта падобна на палітычнае зьнікненьне”.

Гэтую думку падзяляе і лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Калі заходзяць размовы, што Захаранка й Ганчар былі фігурамі агульнанацыянальнымі, а Юрась — хлопец зь Віцебску і глядзіцца на гэтым фоне ня так пераканаўча, хачу зазначыць, што ён быў лідэрам сапраўды буйнога й уплывовага рэгіёну — Віцебшчыны. Ён сапраўды мог быць небясьпечным для рэжыму, і таму палітычная вэрсія для мяне робіцца ўсё больш выразнай”.

Маці Корбана ўжо амаль не спадзяецца, што праваахоўчыя органы знойдуць яе сына, але ўсё ж зьвярнулася сёньня да генпракурора Віктара Шэймана з просьбай актывізаваць пошукі.

А днямі Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека даслала Аляксандру Лукашэнку адкрыты ліст, у якім нагадвае пра лёс Корбана.

Днямі ў Парыжы ў Камітэце палітычных пытаньняў і правоў чалавека Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы пройдуць слуханьні ў справе Беларусі, і сябры гэтай арганізацыі будуць мець магчымасьць пазнаёміцца са справай Юрася Корбана.
XS
SM
MD
LG