Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ВАЛАНЦЁРЫ ЗНОЎ ЗНАЙШЛІ ЧАЛАВЕЧЫЯ КОСТКІ


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах зноў знойдзеныя чалавечыя косткі. Распавядае Яўген Восіпаў:

(Восіпаў: ) “Мы прайшліся да лаўкі Клінтана. Непадалёк ляжала вось такая костка. Прайшлі празь лес, штурхнулі нагой хвораст, і там былі косткі. Цьвёрдыя пароды асядаюць, глеба вільготная, ад дажджу вымакла”.

Яўген Восіпаў разам зь іншымі актывістамі руху “Зубр” прыехаў у Курапаты з Барысава. Зь лютага яны рэгулярна бяруць удзел у дзяжурстве ва ўрочышчы.

Сёньня ж у валанцёраў узьніклі праблемы з будаўнікамі. Гаворыць Сяржук Мацкойць:

(Мацкойць: ) “На аўтамашыне прыехаў чалавек, які прадставіўся прарабам будаўнікоў зь Берасьця, таксама падышоў прараб з нашага ўчастку дарогі. Пачаўся канфлікт з-за таго, што быццам бы нашыя людзі за час сьвятаў паздымалі іхную разьмётку. Але нашыя людзі гэтым не займаліся ніколі й ня будуць займацца. А ў лесе ёсьць дастаткова месцаў, дзе відавочная іхная разьмётка (вешкі, слупы) — і ляжыць паваленая тымі асобамі, якія прыходзяць сюды на шашлыкі. Ён пачаў нам пагражаць, што зараз быццам бы выкліча міліцыю, на трох любых чалавек пакажа пальцам і прыцягне да адказнасьці”.

Апошнім часам стасункі паміж валанцёрамі й будаўнікамі сталі больш напружанымі. Курапацкія добраахвотнікі не дазваляюць капаць у лясным масіве траншэі пад падпорныя сьценкі. Але будаўніцтва кальцавой дарогі ля Курапатаў запавольваецца і зь іншых прычынаў. Сытуацыю тлумачыць будаўнік Уладзімер:

(Уладзімер: ) “Ня вырашылі яшчэ, як гэтую сьценку і гранітныя ўстаўкі рабіць. Таму вельмі марудна ўсё рухаецца. Даўно б ужо ўсё зрабілі. Увогуле, кальцавая павінна здавацца да 1 верасьня, а як там будзе... Усё зьвязана зь фінансаваньнем. Нам, менскім, яшчэ плацяць больш-менш, а віцебскія й магілёўскія працуюць тут за 130–150 тысяч. Карацей, няма грошай на дарогу. Пачалі будаваць, а грошай няма”.

Абаронца Курапатаў Алесь Поклад дагэтуль знаходзіцца ў апёкавым цэнтры менскага шпіталю хуткай дапамогі. Надоечы яго перавялі з аддзяленьня рэанімацыі ў звычайную палату. Лекар Валянцін Машэль паведаміў Радыё Свабода, што стан Алеся — сярэдняй цяжкасьці, яму дагэтуль патрэбная донарская кроў. У блізкім часе Алесю будуць рабіць апэрацыю перасадкі скуры.
XS
SM
MD
LG