Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ ЎЦЕКАЧЫ Ў ПОЛЬШЧЫ ПАЧАЛІ ВЫДАВАЦЬ СВОЙ БЮЛЕТЭНЬ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Зьвяз беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы быў створаны летась у лютым і ўжо праз 6 месяцаў быў афіцыйна зарэгістраваны у адпаведнай дзяржаўнай ўстанове ў Беластоку.

Цяпер у Зьвяз уваходзяць каля трох дзясяткаў палітычных уцекачоў зь Беларусі. Арганізацыя займаецца юрыдычнай, інфармацыйнай і псыхалягічнай дапамогай асобам, якія атрымалі палітычны прытулак ў Польшчы ці толькі зьвярнуліся з адпаведнай просьбай. У гэтай справе Зьвяз супрацоўнічае зь дзяржаўнымі ўстановамі Польшчы і праваабарончымі арганізацымі гэтай краіны. Арганізацыя мае прадстаўніцтва ў Варшаве.

Першы нумар бюлетэню “Эмігрант” выйшаў накладам 200 асобнікаў пры дапамозе тыднёвіка беларусаў Беласточчыны “Ніва”, а таксама цэнтру грамадзянскай адукацыі “Польшча – Беларусь”.

На 8 старонках фармату А4 распавядаецца пра дзейнасьць Зьвязу, у прыватнасьці, у справе абароны беларускіх бізнэсоўцаў ад экстрадыцыі, падаюцца апошнія навіны палітычнага жыцьця ў Беларусі. Ёсьць у “Эмігранце” таксама каштоўныя парады для тых, хто апынуўся ў Польшчы і просіць у гэтай краіне палітычнага прытулку.

Як паведаміў Радыё Свабода рэдактар выданьнія і старшыня Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы Ясь Абадоўскі, у Польшчы бюлетэнь будзе распаўсюджвацца ў цэнтрах для ўцекачоў, у арганізацыях і дзяржаўных установах, якія маюць дачыненьне да эміграцыі. Значная частка накладу будзе перапраўляцца і ў Беларусь. Гаворыць Ясь Абадоўскі.

(Абадоўскі: ) “Калі людзі, якія на сёньняшні момант знаходзяцца ў Беларусі і дзейнічаюць у апазыцыйных партыях, праз “Эмігрант” будуць ведаць, як прыехаць у Польшчу і атрымаць палітычны прытулак, тады яны будуць больш упэўнена адчуваць сябе ў Беларусі. Яны будуць ведаць, што калі на іх будзе ўзбуджаная крымінальная справа за палітычную дзейнасьць, дык яны заўсёды могуць зьехаць, і мы ім дапаможам”.

Паводле словаў Яся Абадоўскага, адной з асноўных задачаў бюлетэню ёсьць таксама пераадоленьне існуючай раздробленасьці беларускай палітычнай эміграцыі ў Польшчы і ва ўсёй Эўропе і аб’яднаньне эмігрантаў вакол Зьвязу палітычных уцекачоў.

Цяпер рэдкалегія “Эмігранту”, у склад якой акрамя спадара Абадоўскага ўваходзяць яшчэ Ўладзімер Лапцэвіч і Эльвіра Старавойтава, працуе над другім нумарам бюлетэню. Плянуецца, што бюлетэнь будзе выходзіць раз на месяц.
XS
SM
MD
LG