Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРАІНЫ-ЎДЗЕЛЬНІЦЫ ДАМОВЫ ПРА КАЛЕКТЫЎНУЮ БЯСЬПЕКУ ЎТВАРЫЛІ МІЖНАРОДНУЮ АРГАНІЗАЦЫЮ


Юры Дракахруст, Прага

Расейская газзэта “Коммерсант” гаворыць пра ператварэньне дамовы пра калектыўную бясьпеку ў аналяг Варшаўскага пакту савецкіх часоў. Свой погляд на сэнс прынятых сёньня рашэньняў выклаў у інтэрвію нашаму радыё дырэктар расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Піянткоўскі.

(Піянткоўскі: ) “Гэтыя рашэньні нездарма амаль дзень у дзень супадаюць з паседжаньнем Рады Расея – НАТА ў Рэйк’явіку, дзе, як чакаецца, будзе прынятае пагадненьне пра ўдзел Расеі ў працэдурах і мэханізмах НАТА. З пункту гледжаньня Пуціна, мне зразумелы гэты крок. Ён знаходзіцца пад вельмі моцнаю крытыкаю праціўнікаў збліжэньня з НАТА. Стварэньне такога маленькага нашага НАТА перад збліжэньнем з сапраўдным НАТА можа разлядацца Пуціным як сродак зьмякчыць крытыку на ягоны адрас. Такая пустышка, якую даюць немаўляці, каб яно ня плакала.

Але ў адрозьненьні ад сапраўднай пустышкі, гэтая пустышка абрастае рознымі бюракратычнымі структурамі, штабамі. Асабліва нэгатыўнае значэньне мае актыўная роля, якую ва ўсім гэтым будзе адыгрываць Беларусь. Ня ў тым справа, што маю штосьці супраць Беларусі, а таму што гэта актуалізуе размовы пра пагрозу з Захаду. З аднаго боку, мы ідзем у НАТА, з другога боку, у гэтых штабах мы будзем даваць адпор пагрозе з боку гэтага самага НАТА”.

(Карэспандэнт: ) “Ператварэньне дамовы ў міжнародную арганізацыю, ставарэньне адзінага штабу краінаў дамовы – у якой ступені гэта абмяжуе іх ваены сувэрэнітэт?”

(Піянткоўскі: ) “У такой, у якой любая міжнародная арганізацыя азначае перадачу яе сябрамі часткі свайго нацыянальнага сувэрэнітэту. Але я мяркую, што тут не расейская котка будзе круціць беларускім хвастом, а наадварот. Раздуваньне ўяўнай пагрозы з Захаду патрэбнае Лукашэнку для падвышэньня сваёй значнасьці і для звычайнага прыёму: калі яму нагадваюць пра даўгі, ён гаворыць , што абараняе Расею ад НАТА і што гэта яму Расея вінная дзясяткі мільярдаў даляраў”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі гэтае ўмацаваньне дамовы пра калектыўную бясьпеку стасуецца са збліжэньнем Расеі з НАТА?”

(Піянткоўскі: ) “Калі б мова ішла пра Армэнію і азыяцкія краіны, гэта б ня мела такой ролі. Самым раздражняльным элемэнтам будзе актыўнасьць рэжыму Лукашэнкі ў акцэнтаваньні супрацьстаяньня, пагрозы з боку Захаду”.
XS
SM
MD
LG