Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З 1 ЛІПЕНЯ ЎВОДЗІЦЦА НОВАЯ СЫСТЭМА АФАРМЛЕНЬНЯ СТУДЭНЦКІХ ВІЗАЎ У ЗША


Віталь Цыганкоў, Прага

Новая сыстэма дазволіць Амэрыканскай службе іміграцыі і натуралізацыі цэнтралізавана зьбіраць інфармацыю пра прыблізна 1 мільён замежных навучэнцаў. Паводле новай сыстэмы, усе замежныя студэнты будуць пастаўленыя на ўлік у адмысловай кампутарнай базе дадзеных, якая будзе зьвязваць іміграцыйныя ўлады зь дзясяткамі тысяч школаў і каледжаў. Новая сыстэма пачне працаваць з 1 ліпеня і разглядаецца як значны крок у забесьпячэньні абароны ЗША ад тэрарызму.

Дагэтуль іміграцыйная служба рэзка крытыкавалася з боку амэрыканскіх заканадаўцаў за тое, што яна працуе дапатопнымі мэтадамі. Сапраўды, школы і каледжы зьбіраюць інфармацыю пра замежных студэнтаў толькі ў форме папяровых дакумэнтаў. Гэтая інфармацыя ня ўтрымліваецца ў нейкім адным цэнтралізаваным месцы і можа быць атрыманая іміграцыйнай службай толькі пасьля адмысловага запыту. “Вы ня можаце правесьці мільён студэнтаў праз паперы і разьлічваць на поўную дакладнасьць” – прызнае прадстаўнік міністэрства юстыцыі.

Новая сыстэма распрацаваная, каб забясьпечваць абнаўляльную, кампутарызаваную інфармацыю пра замежных студэнтаў, такую, як зьмена імя, пакіданьне каледжу да заканчэньня вучобы і гэтай далей. Неабходнасьць увядзеньня такой сыстэмы стала асабліва відавочнай пасьля тэрактаў 11 верасьня. Хані Ханджур, адзін з 19 тэрарыстаў, якія ўгналі самалёты, каб абрынуць іх на вежы ўсясьветнага гандлёвага цэнтру, выкарыстаў студэнцкую візу, каб патрапіць у ЗША, аднак ніколі так і не зьявіўся ў клясах.

Новая кампутарная сістэма зьвяжа ўсе амэрыканскія амбасады і кансуляты з іміграцыйнай службай. Перад тым, як замежны навучэнец будзе падаваць дакумэнты на атрыманьне візы, ён мусіць быць прынятыя тым каледжам, дзе зьбіраецца вучыцца. Каледж заносіць дадзеныя ў кампутар і выдае адпаведнае пасьведчаньне, зь якім будучы навучэнец павінен ісьці ў амбасаду за візай.
XS
SM
MD
LG