Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CЁНЬНЯ СЁМАЯ ГАДАВІНА РЭФЭРЭНДУМУ 1995 ГОДУ


Любоў Лунёва, Менск

Праз 10 дзён пасьля рэфэрэндуму, калі яшчэ не былі надрукаваныя ягоныя афіцыйныя вынікі, каля трох соцень студэнтаў Белдзяржунівэрсытэту разам зь сябрамі Партыі аматараў піва прыйшлі да будынка адміністрацыі Лукашэнкі. Яны ўтварылі жывы ланцуг вакол будынка і прайшлі, нібыта вязьні, заклаўшы рукі хто за галаву, хто за сьпіну. Яны па чарзе несьлі сьцяг БССР, потым павесілі яго на прыбіральні, прасьпявалі гімн БССР, а сьцяг парвалі на кавалкі.

Калі акцыя скончылася, пачаўся жорсткі разгон. Людзей зьбівалі й кідалі ў аўтобус. Туды трапілі нават дзеці 7-гадовага ўзросту, якія апынуліся на месцы так званай “зачысткі”. Было затрымана каля 40 чалавек. Упершыню супраць палітдэманстрантаў распачалі крымінальную справу за злоснае хуліганства.

Тады праваахоўчыя органы не знайшлі арганізатараў акцыі. Лідэра аматараў піва Андрэя Рамашэўскага пратрымалі тры дні ў пастарунку, а потым, амаль праз год — некалькі месяцаў на Валадарцы. Яго судзілі й пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі ўмоўна.

Цяпер многія ўдзельнікі той акцыі знаходзяцца ў эміграцыі. Мы зьвязаліся з Андрэем Рамашэўскім па тэлефоне:

(Рамашэўскі: ) “Падчас акцыі каля прэзыдэнцыі мяне ўвогуле не затрымалі. Пасьля заканчэньня акцыі мы з Градоўкіным пайшлі піць піва, а калі вярнуліся, убачылі, што нікога няма — усіх забрала міліцыя. А калі людзей забралі, то што мы тут робім? Я пайшоў у міліцыю й сам здаўся. Абыходзіліся са мной, як звычайна абыходзяцца з затрыманымі ў Беларусі. Мяне тады пратрымалі нядоўга, толькі тры дні. Потым мяне затрымалі на Чарнобыльскім шляху і калі ўсім раздавалі суткі, то высьветлілася, што яны мяне даўно ўжо хочуць знайсьці. Тады я ўжо паехаў на Валадарку”.

(Карэспандэнтка: ) “Як потым склаўся Ваш лёс?”

(Рамашэўскі: ) “Суд даў мне два гады з адтэрміноўкай на адзін год. Я ня стаў чакаць і выехаў за мяжу. Беларуская турма — гэта ня самае лепшае месца”.

Адзін з удзельнікаў акцыі Сяргей Градоўкін у 1994 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Ён таксама вымушаны быў зьехаць за мяжу.

(Градоўкін: ) “Я пайшоў дамоў і толькі празь некалькі дзён даведаўся, што Рамашэўскі арыштаваны, а астатніх актыўных удзельнікаў акцыі шукае міліцыя. Я лічыўся падазраваным у зьдзяйсьненьні злачынства ў гэтай крымінальнай справе. Два гады пасьля гэтага я пражыў у Беларусі. Станавілася ўсё горш і горш. Палітычная дзейнасьць была ўжо немагчымая. На жаль, той рэфэрэндум, ён увойдзе ў гісторыю Беларусі як сымбаль нацыянальнай ганьбы, нацыянальнай катастрофы. Пакуль там існуе Лукашэнка, я не вярнуся”.

Большасьць студэнтаў, якія бралі ўдзел у акцыі, вучыліся на гістарычным факультэце. Сярод іх быў і Севярын Квяткоўскі:

(Квяткоўскі: ) “Фактычна гэта была першая вулічная акцыя ў часе кіраваньня Лукашэнкі. Калі людзі пачалі разыходзіцца, раптам панаехалі амонаўцы. Яны ўжо былі з чырвона-зялёнымі нашыўкамі на барэтах. Жорстка пачалі хапаць людзей, біць дубінкамі. Я трапіў у аўтобус таму, што заступіўся за жонку майго сябра, якога самога зьбівалі, кайданкі на яго начапілі. Калі нас выводзілі ў Ленінскім РАУСе, фільтравалі: спакойных налева, а больш буйных — направа, зь якімі зьбіраліся асобна разабрацца. Ну, і разабраліся. Пабілі, ды яшчэ такімі спэцыяльнымі сродкамі зь пяском, каб не заставалася сьлядоў. Толік Каралёў атрымаў, мой аднагрупнік, яшчэ хлапцы...”

Упершыню тады дэканы факультэтаў сутыкнуліся з пагрозамі з боку прэзыдэнта.

(Квяткоўскі: ) “Узьніклі праблемы на гістфаку са здачай іспытаў, з курсавымі, але да годнасьці некаторых выкладчыкаў і тагачаснага дэкана Пятра Шупляка, большасьць усё ж перайшла на наступныя курсы. На Шупляка ціснулі зьверху. Адна з вэрсіяў, чаму Шупляк быў звольнены з пасады дэкана гістфаку — менавіта ягонае заступніцтва за студэнтаў. Дарэчы, пасьля гэтай акцыі па ўсім БДУ пачалі зьдзяйсьняцца такія акцыі спаленьня чырвона-зялёных сьцягоў. На самым гістфаку гэта была сапраўдная хваля спаленьня сьцягоў штотыдня. Урэшце герб і сьцяг лукашэнкаўскага ўзору вісяць на недасягальнай для чалавека адлегласьці ад падлогі й пад спэцыяльным незгаральным плястыкам”.

Высьветлілася, што амаль палова з затрыманых тады ўдзельнікаў акцыі пратэсту сёньня жыве ў эміграцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG