Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫЗНАЧАНЫ НА 29 ТРАЎНЯ НЕЧАРГОВЫ ЗЬЕЗД САЮЗУ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ ХУТЧЭЙ ЗА ЎСЁ НЕ АДБУДЗЕЦЦА


Валянціна Аксак, Менск

Галоўнае пытаньне, якое мусіў абмяркоўваць нечарговы пісьменьніцкі сход — гэта сытуацыя вакол літаратурна-мастацкіх часопісаў у сувязі зь іх аб’яднаньнем у адзін дзяржаўны голдынг. Яно было зробленае ня толькі бяз згоды пісьменьніцкае арганізацыі, але нават бязь ейнага ведама. Саюз быў пастаўлены перад фактам.

Месяц таму, калі прызначаўся зьезд, сябры рады яшчэ спадзяваліся, што змогуць паўплываць на прынятае дзяржаваю рашэньне. Аднак пасьля гвалтоўнае зьмены галоўных рэдактараў ды праводжанае цяпер працэдуры ліквідацыі ранейшых рэдакцыяў, стала зразумела, што гэтыя выданьні ўлада ўжо ня верне ранейшаму сузаснавальніку.

Але ў пісьменьніцкіх шэрагах утварылася група, якая мела на плянаваным зьездзе свае мэты. Узначаліў яе першы намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў Віктар Праўдзін. Група рыхтавалася да пераабраньня цяперашняе старшыні арганізацыі Вольгі Іпатавай. Галоўным прэтэндэнтам на ейнае месца называўся паэт Мікола Мятліцкі. Той, аднак, ужо стаў у створаным уладаю голдынгу галоўным рэдактарам часопісу “Полымя”. Пасьля чаго і ягоныя прыхільнікі пачалі шукаць сабе месцы пад дзяржаўным дахам.

Учора падаў заяву на звальненьне з пасады першага намесьніка старшыні СП Віктар Праўдзін. На нашае пытаньне пра прычыны гэтага спадар Праўдзін спаслаўся на дамоўленасьці на сакратарыяце, які адбыўся яшчэ 8 траўня:

(Праўдзін: ) “На сакратарыяце, які адбыўся 8 траўня, мы дамовіліся, што ўсе тлумачэньні наконт гэтага будзе даваць Вольга Іпатава. Мы дамовіліся, як яна будзе гэта тлумачыць...”

Паводле нашых зьвестак, Віктар Праўдзін будзе намесьнікам у новапрызначанай галоўнай рэдактаркі часопісу “Нёман” Ніны Чайкі.

Вольга Іпатава камэнтаваць нешта ў гэтай сытуацыі адмовілася, сказаўшы, праўда, што былы ейны апанэнт мусіў быць галоўным дакладчыкам на меркаваным нечарговым зьезьдзе. Сама ж яна занятая падрыхтоўкай да міжнароднага моўнага сымпозіюму, які адбудзецца ў Беларусі пры канцы чэрвеня–пачатку ліпеня.

Што ж да зьезду, то спадарыня Іпатава лічыць, што ў цяперашніх варунках ёсьць багата праблемаў для абмеркаваньня на ім, аднак да прызначанай даты засталося мала часу, каб сур’ёзна падрыхтавацца.

Ёсьць і яшчэ адна праблема — адсутнасьць грошай на правядзеньне зьезду. Аднак канчатковае рашэньне пра гэта прыме пісьменьніцкая рада, паседжаньне якое прызначанае на 20 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG