Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАТКЕВІЧ ЗАКЛІКАЕ АПАЗЫЦЫЮ ПАДЗЯЛІЦЬ АКРУГІ


Валер Каліноўскі, Менск

Мікалай Статкевіч лічыць, што нельга губляць часу, чакаючы афіцыйнага абвешчаньня выбараў. Рыхтавацца варта загадзя, толькі тады зьявяцца шанцы на перамогу, мяркуе ён.

(Статкевіч: ) “Цяпер больш за 60% насельніцтва ня бачыць альтэрнатывы. Яны ўжо ня любяць спадара Лукашэнку, але яны і ня бачаць альтэрнатывы. І трэба дайсьці да гэтых людзей. І рыхтавацца да выбараў трэба як мінімум за год... Мы хацелі б падзяліць акругі, мы хацелі б адзінства. І мы кажам лідэрам іншых партыяў: давайце прымем адно маленькае кароткае рашэньне: даручыць абласным і раённым арганізацыям, кіроўным органам нашых партыяў правесьці падзел акругаў, каб у кожнай акрузе быў адзін дэмакратычны кандыдат, каб мы болей не змагаліся адзін супраць другога ў акругах на радасьць Лукашэнку”.

Паводле Мікалая Статкевіча, “Народная грамада” ўжо праводзіць пэўную агітацыйную кампанію ў рэгіёнах, і адсутнасьць падзелу акругаў замінае гэтай працы. Папярэднія звароты “Народнай грамады” да іншых партыяў пакуль плёну не далі, зазначае спадар Статкевіч. Ён нават абвінаваціў сваіх калегаў па апазыцыі ў сабатажы:

(Статкевіч: ) “Я яшчэ раз кажу: я не дазволю некалькім дробным палітычным лідэрам забраць у беларускага народу шанец на дэмакратыю”.

У пісьмовым тэксьце заявы спадара Статкевіча адзначана: “Зацягваць рашэньне жыцьцёва важных пытаньняў, зьвязаных з выбарамі, сёньня могуць толькі баязьліўцы і здраднікі”. Чаму такі жорсткі тон у адносінах да будучых партнэраў па блёку? Адказвае Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Гэтыя словы ў заяве непасрэдна ня тычацца калегаў па апазыцыі, гэта крыху ў іншым кантэксьце... Але ўсе лагодныя звароты мэты не дасягнулі, і мне вельмі крыўдна і балюча назіраць, што з-за незразумелых паводзінаў некалькіх палітычных лідэраў мы зноў губляем шанцы зьмяніць сытуацыю да лепшага. Мы губляем шанцы на дэмакратыю. Цэлая краіна губляе”.

Такім чынам, Мікола Статкевіч вырашыў зьвярнуцца праз галовы лідэраў іншых апазыцыйных партыяў да іх сябраў у рэгіёнах.

Ініцыятывы і заявы Мікалая Статкевіча ўспрымаюцца без энтузіязму. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зазначае, што ў офіс АГП ніякіх канкрэтных прапановаў ад спадара Статкевіча не паступала.

(Лябедзька: ) “Сам Статкевіч займаў не зусім зразумелую пазыцыю. Ад яго зыходзілі іншыя намеры: ініцыятыва аб стварэньні камісіі па правядзеньні нейкіх расьсьледаваньняў; потым абвінавачаньні, вельмі дакладныя і канкрэтныя, на адрас партыяў, што яны не падтрымалі ягоную акцыю. А цяпер ужо нешта новае гучыць. А па-другое, сёньня ня трэба агітаваць за тое, каб браць удзел у мясцовых выбарах. Я дакладна ведаю, што такое рашэньне прынялі практычна ўсе палітычныя партыі. Ствараецца ўражаньне, што гэта больш нейкая PR-аўская акцыя па сваёй сутнасьці, чым спроба насамрэч аб’яднаць дэмакратычныя сілы Беларусі”.

Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што аб’яднаньне дэмакратычных сілаў адбудзецца, але спачатку трэба выпрацаваць мэханізмы гэтай кансалідацыі, найперш у рэгіёнах:

(Лябедзька: ) “Кааліцыя на мясцовыя выбары ствараецца зьнізу ўверх, а не наадварот. Мы павінны былі б на сёньняшні дзень быць зацікаўленымі ў тым, каб арганізаваныя структуры палітычнай апазыцыі былі ў кожным рэгіёне. І канфігурацыя аб’яднаньня будзе рознай — напрыклад, у Брагіне яна будзе адна, а ў Менску — зусім іншая. Па-другое, агучваць цяпер ідэю стварэньня палітычнага блёку ня самы лепшы час, таму што мы напярэдадні мёртвага палітычнага сэзону”.

Анатоль Лябедзька зазначае, што апазыцыі цяпер патрэбна правесьці круглы стол і выправацаваць плян дзеяньняў на выбары і на выпадак магчымага рэфэрэндуму.

(Лябедзька: ) “Мы за правядзеньне кансультацыяў, але мы супраць папулізму, супраць заклінаньняў і супраць пераўтварэньня гэтага ў нейкую PR-аўскую акцыю. А так — натуральна, мы за супрацоўніцтва”.

Але ў любым выпадку апазыцыю чакае вялікая праца ў справе пошуку канструктыўнага поля для ўзаемадзеяньня, лічыць лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG