Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЯБРЫ КХП БНФ УШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ ВЯДОМЫХ БЕЛАРУСАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Актывісты КХП БНФ пачалі зьбірацца сёньня раніцай перад уваходам на Вайсковыя могілкі, дзе пахаваныя народныя паэты Беларусі Янка Купала й Якуб Колас, а таксама іншыя дзеячы Адраджэньня. У гэты час у царкве адпраўлялася паніхіда памяці памерлых.

Актывісты КХП БНФ наведалі магілы сваіх родных і блізкіх за некалькі дзён да Радаўніцы, а сёньня прыйшлі ўшанаваць памяць вядомых беларусаў. Гаворыць прэсавы сакратар КХП БНФ Валер Буйвал:

(Буйвал: ) “Гэта нашая чалавечая й хрысьціянская норма. Гэта даніна памяці, гэта сувязь пакаленьняў, гэта нацыянальная й хрысьціянская традыцыя. Таму мы разам з усім народам і адзначаем гэты дзень”.

Каля магілаў народных паэтаў сабралася каля трыццаці чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. З кароткай прамовай выступіла Валянціна Мароз, а паэт Анатоль Вярцінскі прачытаў свой верш “Купала йдзе да Коласа”. Людзі ўсклалі кветкі да магілаў і прасьпявалі песьню на верш Янкі Купалы “Не загаснуць зоркі ў небе”.

Людзі таксама ўсклалі кветкі на магілу першага прэзыдэнта Акадэміі Навук Беларусі Ўсевалада Ігнатоўскага.

Пасьля актывісты КХП БНФ накіраваліся да помніка Максіму Багдановічу. Чаму яны абралі менавіта такі маршрут, тлумачыць намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) “Гэты час ёсьць асаблівым, калі ў нас адбываецца гвалтоўны ўціск на нашую культуру і мову. Ідзе поўная русіфікацыя. Сёньня не беларуская ўлада. Спрабуюць асыміляваць і зьнішчыць нацыю, зьнішчыць памяць. І тут вельмі важна, каб беларусы не забылі нашых славутых адраджэнцаў”.

Каля помніка Максіму Багдановічу слова ўзяла Валянціна Мароз:

(Мароз: ) “Багдановіч — як і шмат хто, як і Купала — яны спраўдзілі беларускую нацыянальную ідэю й спраўдзілі тое, што дало ім і пры жыцьці надзею, і цяпер на ўсе вякі будучыя спадзяваньне й упэўненасьць, што будзе нязводны гэты іх род духоўны. Наш беларускі род”.

Сябры КХП БНФ усклалі кветкі да помніка Максіму Багдановічу ды прасьпявалі “Пагоню” й “Зорку Вэнэру”.
XS
SM
MD
LG