Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПОЛЬСКІЯ ЎЛАДЫ НЯ БУДУЦЬ РАБІЦЬ ВЫНЯТКАЎ ДЛЯ ЖЫХАРОЎ КАЛІНІНГРАДЗКАЙ ВОБЛАСЬЦІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У адпаведнасьці з рашэньнем польскага ўраду, ад 1 ліпеня наступнага году грамадзянам Беларусі, Украіны і Расеі будуць неабходныя візы, каб наведаць Польшчу. Гэты крок ёсьць неабходнай умовай для ўваходу Польшчы ў Эўразьвяз, а таксама пазьнейшай поўнай ліквідацыі кантролю на польска-нямецкай мяжы.

Паводле прадстаўнікоў Эўразьвязу, толькі праз увядзеньне візаў можна спыніць хвалю наркотыкаў, злачынцаў і зброі з Усходу.

Такім чынам, Калінінградзская вобласьць застаецца адрэзанай ад іншых суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі, бо на ўезд у Літву візы патрэбныя даўно.

Напярэдадні нямецкі тыднёвік “Der Spiegel” напісаў, што нягледзячы на пастаянныя адмовы Эўрапейскага Зьвязу, Польшчы і Літвы, Расея настойліва патрабуе перамоваў у справе “калідору”. Расейцы прапануюць, прыкладам, плямбаваць дзьверы цягнікоў на мяжы Калінінградзкай вобласьці з Польшчай і здымаць плёмбы ўжо ў Берасьці.

Аднак польскі ўрад заяўляе, што ня пойдзе ні на якія парушэньні эўрапейскіх стандартаў перасячэньня мяжы ці выняткі для жыхароў Калінінградзскай вобласьці.

Аб гэтым напярэдадні прэм’ер-міністар Польшчы Лешэк Мілер паінфармаваў свайго расейскага калегу Міхаіла Касьянава ў часе сустрэчы ў Калінінградзе. Адначасова кіраўнік польскага ўраду яшчэ раз запэўніў, што Польшча зробіць усё, каб спрасьціць і паскорыць працэдуру атрыманьня візаў.

Аднак, нягледзячы на адназначную пазыцыю Польшчы і на тое, што цяперашні пост-камуністычны польскі ўрад немагчыма падазраваць у анты-расейскіх настроях, а значыць, у наўмысным пагаршэньні стасункаў з Расеяй, Масква зноў патрабуе ад Варшавы зрабіць тое, што зрабіць немагчыма.

Гаворыць міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч.

(Цімашэвіч: ) “Маю ўражаньне, што гэта толькі размовы, і ня веру, каб тут былі паважныя палітычныя намеры. Бо гэтая ініцыятыва безнадзейная".

Як плянуецца, Эўразьвяз афіцыйна скажа сваё апошняе “не” прапановам Расеі 29 траўня ў Маскве ў часе сустрэчы кіраўнікоў краінаў аб’яднанай Эўропы і Расеі.

Калі ўважліва сачыць за вышэйапісанай праблемай, дык можна заўважыць, што ў дыскусіі па яе вырашэньні, акрамя ўласна Расеі, Літвы і Польшчы бяруць удзел краіны Эўразьвязу, сярод якіх тыя, што знаходзяцца вельмі далёка ад Калінінграду, напрыклад, Гішпанія. Не чуваць у гэтай спрэчцы толькі пазыцыі краіны, да тэрыторыі якой адзін з магчымых транстэрытарыяльных “калідораў” накіруецца – пазыцыі Беларусі.
XS
SM
MD
LG