Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗБОРНАЯ СЛАВАЧЧЫНЫ ПА ХАКЕІ СТАЛА ЧЭМПІЁНАМ СЬВЕТУ


Сяргей Абламейка, Прага

Што гэтая перамога азначае для самапачуваньня славацкага народу, які сваім лёсам троху падобны да беларускага – нядаўняя незалежнасьць, аўтарытарнае кіраўніцтва на працягу шэрагу апошніх год, ня надта добрая эканамічная сытуацыя? З гэтага пытаньня мы пачалі гутарку з супрацоўнікам славацкай службы нашага радыё Даніэлам Буторай.

(Бутора: ) “Я думаю, што гэтая хакейная перамога здолела аб’яднаць краіну так, як мала што змагло аб’яднаць грамадзянаў Славаччыны. Фактычна, гэта першы посьпех у гісторыі Славаччыны. Самастойная дзяржава ўзьнікла ў 1993 годзе як вынік рашэньня Мэчыяра і яго асяродзьдзя, якія пастанавілі, што будуць самастойныя. Не было рэфэрэндуму, людзі не галасавалі за самастойную дзяржаву. Вельмі шмат людзей было супраць гэтага. Вельмі шмат каму не падабаліся славацкі сьцяг і герб, нават такія рэчы былі.

З таго моманту краіна рабіла адну памылку за другой. Чэхі за нешта – дык славакі супраць. Славацкае беспрацоўе – найвышэйшае ў Эўропе: 20%. Краіна мае вялікія праблемы. І вось у гэты момант здарылася тое, на чым усе могуць дасягнуць згоды – нехта дасягнуў посьпеху, і гэта посьпех сапраўдны, гэта не падман, гэта не карупцыя. Нашыя хакеімсты даказалі, што цяжкай працай можна дасягнуць пазытыўнага выніку. На падставе гэтай падзеі змаглі аб’яднацца і славацкія цыганы, і мадзьяры, і іншыя жыхары краіны. Гэта – вынік, які паказвае, што краіна здольная да нечага пазытыўнага”.

(Карэспандэнт: ) “Што зараз адбываецца ў Славаччыне?”

(Бутора: ) “Цэлы ўік-энд краіна дзіка сьвяткавала перамогу. Ясна што там было шмат алкаголю, але апроч гэтага, асабліва маладыя людзі, якія ўжо ня памятаюць камунізму і ня памятаюць нават Чэхаславаччыны, запоўнілі Братыславу з вялікім пачуцьцём радасьці, з пачуцьцём, што нарэшце гэтай краіне нешта ўдалося – раз гэтай Славаччыне ўдалося ў хакеі, дык можа ўдасца і ў іншых галінах”.
XS
SM
MD
LG