Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЯ ПАРТЫЯ БНФ АРГАНІЗАВАЛА ТАЛАКУ НА МЕСЦЫ МАСАВЫХ РАCСТРЭЛАЎ У ЛОШЫЦЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лошыцкі Яр як месца масавай гібелі ахвяраў камуністычнага рэжыму стаў вядомы грамадзкасьці з пачатку 1990-х гадоў — дзякуючы намаганьням лідэра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка. У той час на гэтым месцы быў усталяваны крыж з надпісам “Ахвярам бальшавіцкага тэрору”.

Сёньня да крыжа прыйшлі актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, каб прыбраць тут ды пасадзіць кветкі. Гаворыць старшыня Сьвіслацкай раённай рады КХП БНФ Менску Анатоль Лагутаў:

(Лагутаў: ) “Ведаеце, гэта сьвятое месца для кожнага сьвядомага беларуса. Бо напярэдадні Радаўніцы — дня памінаньня продкаў — проста людзкі абавязак прыйсьці на гэтае месца. У Беларусі два вядомыя месцы — Курапаты й Лошыцкі Яр.

Пачварная, жахлівая сёньня сытуацыя ў Беларусі. Душыцца ўсё нацыянальнае, культурнае і духоўнае. Беларускі люд заганяецца ў такую беспрасьветную галечу, таму мы намагаемся, каб нейкая струнка ў душы кожнага чалавека здрыганулася. Наведваньне гэтага месца — гэта напамін людзям, каб не забываліся, што трэба памятаць мінулае і глядзець у будучыню. Калі чалавек забываецца пра мінулае, ён ніколі ня ўбачыць сапраўднай будучыні”.

Лошыцкі Яр выглядае вельмі занядбаным. Толькі драўляны крыж ды дзьве клюмбы нагадваюць пра тое, што на гэтым месцы 70 гадоў таму каты з АГПУ–НКВД расстрэльвалі людзей. Больш за год таму гэты сьціплы крыж быў сьпілаваны невядомымі вандаламі. Побач зь месцам злачынства, на сьнезе быў пакінуты надпіс “РНЕ” — гэта абрэвіятура расейскай фашыстоўскай партыі.

Крыж тады сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ аднавілі ўласнымі сіламі й напісалі заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем знайсьці вінаватых. Злачынцаў не знайшлі, але пракуратура абавязала мясцовых міліцыянтаў патруляваць гэты раён.

Актывісты КХП БНФ лічаць, што ў Лошыцы, як і ў Курапатах, некалі павінен паўстаць сапраўдны мэмарыял. Гаворыць сябар КХП БНФ Мікалай Капарыха:

(Капарыха: ) “На адным энтузіязме гэта ўсё цяжка атрымліваецца. І так ужо сябры нашай партыі ды іншыя сьвядомыя людзі зь Серабранкі ў мінулым годзе зрабілі тут клюмбы. Тут быў роў, а мы зрабілі. Я думаю, што мо ў наступным годзе атрымаецца. А цяпер мы, відаць, усе сілы свае аддамо на Курапаты”.

Заўтра з нагоды Радаўніцы адбудзецца ўскладаньне кветак на магілах Янкі Купалы й Якуба Коласа на Вайсковых могілках, а таксама да помніка Максіму Багдановічу.

Удзень у Курапатах пройдзе паніхіда памяці ахвяраў камуністычнага тэрору, якую адслужаць праваслаўныя і каталіцкія сьвятары. Падобныя жалобныя мерапрыемствы адбудуцца і ў іншых гарадах Беларусі.
XS
SM
MD
LG