Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРГЕЙ ЗАКОНЬНІКАЎ АБВЕСЬЦІЎ ПРА СТВАРЭНЬНЕ НОВАГА ЧАСОПІСА


Валянціна Аксак, Менск

Ранейшыя рэдакцыі літаратурна-мастацкіх часопісаў на загад дырэкцыі голдынгу цягам гэтага месяцу ліквідоўваюцца. Удзельнічаць у гэтым працэсе змушаныя і гвалтоўна звольненыя галоўныя рэдактары. Уласнымі рукамі падпісаць, так бы мовіць, згоду на прысуд сабе і сваім калектывам.

Але прыдуманая ўладамі працэдура падвойнае зьнявагі, падобна, не дасягае сваёй мэты. Прынамсі, для значнае часткі тых супрацоўнікаў, якія публічна выказалі пратэст супраць гвалту. Гаворыць галоўны рэдактар часопісу “Полымя” Сяргей Законьнікаў:

(Законьнікаў: ) “З аднаго боку, я ўдзельнічаю ў ліквідацыі ранейшае рэдакцыі, з другога боку — у арганізацыі новага часопісу. Я не сумняюся, што зьявяцца незалежныя выданьні замест зьліквідаваных уладаю ранейшых. Прынамсі, у стварэньні аднаго зь іх я зараз удзельнічаю. Пакуль што...”

Па зразумелых прычынах спадар Законьнікаў ня хоча раскрываць нейкіх падрабязнасьцяў падрыхтоўкі новага выданьня да ягонага зьяўленьня ў сьвет, за выняткам асобных канцэптуальных момантаў.

(Законьнікаў: ) “Ніякіх сакрэтаў я выдаваць ня буду, таму што ў нашай дзяржаве гэта сканчаецца фіяска. Толькі магу сказаць, што гэты часопіс будзем ствараць найлепшымі сіламі тых супрацоўнікаў, якія працавалі ў нашых рэдакцыях, аўтарамі, творы якіх у нас ёсьць, але гэта будзе часопіс абсалютна новай канцэпцыі. Гэта будзе як неба і зямля ў параўнаньні зь сёньняшнімі “Полымем” ці “Нёманам”.

Гэта будзе грамадзка-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс, у якім адсоткаў з восемдзесят будзе аддадзена літаратуры і іншым відам мастацтва. Прытым будуць іншыя падыходы ў падачы матэрыялаў. Гэта выхад на такія жанры, як дыялёгі й маналёгі пісьменьнікаў на самыя розныя надзённыя праблемы...”

Сяргей Законьнікаў сказаў таксама, што аўтарамі першага нумару новага выданьня стануць тыя, чые творы ўжо зьнятыя прызначанымі кіраўнікамі з падрыхтаваных нумароў аб’яднаных часопісаў, а таксама тыя, хто, не чакаючы цэнзуры, забірае свае рукапісы. Але ня толькі. Ідзе актыўны пошук маладых талентаў.

Аб’ём часопісу плянуецца даволі паважны — да дваццаці выдавецкіх аркушаў.

(Карэспандэнтка: ) “Пад якім назовам чакаць новы часопіс?”

(Законьнікаў: ) “Арыгінальны назоў, хаця некаторым можа падацца і просьценькім. Часопіс будзе называцца “Будзем!”, з клічнікам: “Будзем!”

Апроч “Будзем!” распачатая падрыхтоўка яшчэ аднаго незалежнага часопісу, пад папярэднім назовам “Дзеяслоў”.
XS
SM
MD
LG