Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛІДЭРЫ КРАІНАЎ-СЯБРАЎ ЭЎРАЗІЙСКАЙ ЭКАНАМІЧНАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ СУСТРЭЛІСЯ НА САМІЦЕ Ў МАСКВЕ


Міхаіл Залескі, Менск

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню выказаўся пра станоўчыя пэрспэктывы Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭўразЭС) два тыдні таму, падчас сустрэчы з генэральным сакратаром ЭўразЭС Рыгорам Рапотам.

Чым абумоўлены энтузіязм беларускага боку? Тэарэтычна магчымым далучэньнем да супольнасьці Ўкраіны? Ці імкненьнем далучыцца да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі? А мо надзеяй адшукаць адзіны падыход да памежнай палітыкі?

Падобна, ня гэта галоўнае. Істотнымі для беларускага кіраўніцтва ёсьць тры чыньнікі: геапалітычнае становішча сяброў ЭўразЭС, рэальная структура зьнешняга гандлю зь імі і асоба генэральнага сакратара супольнасьці.

Агульная доля Казахстану, Кіргізіі і Таджыкістану складае ў зьнешнім гандлі Беларусі толькі 0,5%. А вось Расея дала за студзень і люты 58% усяго вонкавагандлёвага таваразвароту.

Да таго ж азіяцкая частка супольнасьці мяжуе з Афганістанам. Гэта робіць істотным ня толькі аб’ём паставак, але і рэальную структуру экспарту ў рэгіён паміж неспакойным Памірам і спрэчным нафтавым Касьпіем, дзе Расея губляе свой уплыў. Адным абменам бавоўны на трактары і медзі на трансфарматары не абысьціся.

“Рухавіком” практычнай разбудовы восі Ўсход–Захад стаў Рыгор Рапота. Раней гэты актыўны дзеяч інтэграцыі ўжо зарэкамэндаваў сябе на пасадзе намесьніка начальніка расейскай службы вонкавай выведкі.

Пасьля, у 1998 годзе, генэрал-лейтэнант Рапота ўзначальваў дзяржаўную кампанію “Росвооружение”, а потым як намесьнік міністра гандлю кантраляваў дзейнасьць прадпрыемстваў “Росвооружение”, “Промэкспорт” і “Российские технологии”, асноўных апэратараў на рынку ўзбраеньня. І вось цяпер ён — генэральны сакратар ЭўразЭС.

Падобна, што згаданыя чыньнікі і прымушаюць Лукашэнку лічыць беларускі ўдзел у ЭўразЭС эканамічна пэрспэктыўным. Таму небагатая Беларусь знайшла грошы на 20% двухмільённага бюджэту гэтай структуры – гэта 400 тысяч даляраў. Робіцца гэта, відавочна, дзеля будучыні ўласнага ваенна-прамысловага комплексу.
XS
SM
MD
LG