Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: НАШТО БЕЛАРУСКІЯ СПЭЦСЛУЖБЫ СОЧАЦЬ ЗА ЛЮДЗЬМІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Саньнікаў: ) “Былі такія дзіўныя выпадкі, калі нехта прыходзіў да мяне і заўважаў, што нейкія адныя і тыя ж хлопцы гуляюць у карты ў пад’езьдзе. Альбо быў выпадак: ішоў да мяне рэдактар “Нашай Свабоды” Павал Жук, а ў пад’езьдзе на пляцоўцы сядзеў бомж і нібыта спаў. Але раптам Жук пачуў, што ў таго зазваніў мабільны тэлефон. Жук яшчэ праверыў, ці не ягоны сотавы зазваніў. Не — гэта быў мабільнік бамжа... Відаць, таксама сачылі за маёй кватэрай”.

Вядомы актывіст апазыцыі, міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў, які распавёў пра гэты выпадак, не сумняецца, што ня толькі за ім, але і за ўсімі дзеячамі апазыцыі сочаць беларускія спэцслужбы. Паводле Андрэя Саньнікава, гэтыя дзеяньні могуць часам слабець, але падчас палітычных кампаніяў яны набіраюць моц і вядуцца па ўсім фронце.

“Побач з офісам “Хартыі” заўсёды дзяжурыў аўтамабіль зь цёмнымі вокнамі, у тэлефонах падазрона ляскала, а на вуліцах за намі ішлі нейкія тыпы, ня надта хаваючыся”, — згадвае Андрэй Саньнікаў час байкоту выбараў у Лукашэнкаў парлямэнт.

Саньнікаў лічыць, што сачэньне і падслухоўваньне маюць дзьве мэты. Першая — запалохаць тых, хто ўваходзіць у апазыцыю. На людзей са слабымі нэрвамі гэта можа падзейнічаць, кажа Саньнікаў. Другая мэта, паводле ягонага досьведу, гэта збор зьвестак — каб лягчэй было рабіць пэўныя правакацыі ўнутры арганізацыяў ды вэрбаваць агентаў.

***

Вядома, што спэцслужбы незаконна праслухоўваюць ня толькі палітычных дзеячоў, але і журналістаў. Гэтай тэме і прысьвячаецца рэпартаж нашага карэспандэнта Сяргея Астраўцова з Горадні.

(Астраўцоў: ) “Магчымасьці праслухоўваньня тэлефонных размоваў журналісты стараюцца заўсёды мець на ўвазе, і жыцьцё пераконвае, што размовы сапраўды праслухоўваюцца. Уласнага карэспандэнта газэты “День” Анджэя Пісальніка пакаралі арыштам на 10 сутак за несанкцыянаваны пікет у падтрымку журналістаў газэты “Пагоня”, хаця яго ўдзельнікі не пасьпелі нават разгарнуць плякат. Распавядае Анджэй Пісальнік:

(Пісальнік: ) “Калі мы ладзілі пікет у падтрымку Наркевіча і Мажэйкі, была дакладна адна размова па тэлефоне, дзе прагучала, што мы выйдзем у 11 гадзінаў пад аблвыканкам. Калі мы прыйшлі, нас адразу схапілі. Мы не пасьпелі нават разгарнуць плякат, не пасьпелі раздаць хаця б нейкую колькасьць улётак. Да нас адразу падышлі супрацоўнікі міліцыі, непадалёк стаяў міліцэйскі ўазік, і нас павялі да яго. Мы не пасьпелі прастаяць нават пяці хвілінаў”.

А ўпершыню спадар Пісальнік з праслухоўваньнем тэлефонаў сутыкнуўся два гады таму, калі ён спрабаваў зарэгістраваць газэту “Рэпартэр”. Улады не давалі дазволу, і па тэлефоне ён паскардзіўся сябру, што яму прыйдзецца прасіць палітычнага прытулку. На наступны дзень Анджэя выклікаў да сябе намесьнік старшыні гарвыканкаму Анішчык і стаў пераконваць нікуды не зьяжджаць. Журналіст зразумеў, што чыноўнік ведаў пра тую тэлефонную размову”.


***

Як бачна з рэпартажу з Горадні, інфармацыяй спэцслужбаў шырока карыстаюцца ў сваіх мэтах і высокія чыноўнікі, і міліцыя, і іншыя карныя службы Беларусі. Назіральнікі адзначаюць, што ўвогуле сёньняшняе функцыяваньне дзяржаўнага апарату Беларусі было б немагчымае без таемна здабытых зьвестак аб грамадзянах краіны. Але што дрэннага ў тым, што такая сыстэма існуе, калі яна дазваляе эфэктыўна кантраляваць становішча ў краіне?

Па адказ на гэтае пытаньне я зьвярнуўся да сёньняшняга нашага экспэрта Андрэя Саньнікава. Ён як былы намесьнік міністра замежных справаў можа параўнаць міжнародны досьвед у гэтай галіне з досьведам беларускім.

Спадар Саньнікаў заўважае, што ў дэмакратычных краінах таксама магчымыя падобныя дзеяньні спэцслужбаў у дачыненьні да дзеячоў, якія называюць сябе палітыкамі. Прыкладам, могуць праслухоўваць іхныя тэлефоны, але гэта робіцца выключна з санкцыі пракурора і паводле падазрэньня ў пэўным злачынстве ці падрыхтоўкі да злачынства — напрыклад, калі ідзе гаворка пра падрыхтоўку тэракту.

У Беларусі апазыцыйныя палітычныя партыі дзейнічаюць адкрыта і выключна законнымі мэтадамі, у датычнасьці да тэрарызму нікога не падазраюць. Таму, на думку Андрэя Саньнікава, сачэньне за актывістамі партыяў і няўрадавых арганізацыяў ёсьць парушэньнем іхнага права на прыватнае жыцьцё.

(Саньнікаў: ) “Гэта незаконна, бо павінна быць санкцыя пракурора на тое, каб нейкія спэцслужбы ці падразьдзелы маглі сачыць і праслухоўваць, асабліва праслухоўваць нечыя кватэры, тэлефоны. Гэта ўмяшальніцтва ў прыватнае жыцьцё, і яно заўсёды павінна карацца. Бо невядома ж, як і кім выкарыстоўваецца тая інфармацыя, якая здабываецца такім шляхам.

Ведаеце пра выпадак з маладым чалавекам Зайцавым, якога вэрбавалі ў КГБ. Яго ці давялі да самагубства, ці нешта іншае адбылося — мы дагэтуль ня можам высьветліць, як загінуў гэты хлопец. Але там, безумоўна, была спроба вэрбоўкі. Выкарыстоўваліся пэўныя факты, якія здабыў КГБ, і быў ціск на гэтага маладога чалавека, яго палохалі тым, што ён можа трапіць пад крымінальную справу і будзе асуджаны.

Я лічу, што гэты выпадак якраз і сьведчыць пра тое, што зьбіраецца інфармацыя, якая тычыцца актыўных грамадзянаў, і потым выкарыстоўваецца спэцслужбамі”.

Дарэчы, як заўважаюць беларускія праваабаронцы, улады краіны ніколі нават не абвяргалі таго факту, што сачэньне і праслухоўваньне палітычных апанэнтаў стала ў Беларусі агульнай практыкай.

Варта заўважыць, што аднаго разу Аляксандар Лукашэнка публічна заявіў, быццам амбасадары заходніх краінаў абмяркоўвалі сумесныя захады супраць яго. Гэтым Лукашэнка засьведчыў, што і за дыпляматамі сочаць, як і за апазыцыянэрамі.

***

У нашым традыцыйным вяртаньні да праблемы зьніклых палітыкаў адзначу адразу некалькі навінаў. Паводле зьвестак з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 17 траўня ў Беларусі будуць арганізаваныя чарговыя акцыі-напаміны пра зьніклых. У гэты дзень будзе адзначацца дзень нараджэньня Анатоля Красоўскага, які зьнік разам зь Віктарам Ганчаром у лістападзе 1999 году.

І якраз 17 траўня ў Парыжы тэма зьнікненьняў апазыцыянэраў у Беларусі будзе абмяркоўвацца Камітэтам юрыдычных пытаньняў і правоў чалавека Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. На паседжаньне запрошаныя Зінаіда Ганчар і Вольга Завадзкая. Таксама паведамяецца пра пляны праваабаронцаў наладзіць акцыю побач з будынкам, дзе пройдзе паседжаньне камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG