Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ ВЫСТУПІЛІ ПЕРАД ДЭЛЕГАТАМІ ЗЬЕЗДУ УНІІ ПРАЦЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Доўгімі аплядысмэнтамі, падняўшыся з крэслаў, дэлегаты зьезду віталі прысутных у залі гасьцей зь Беларусі.

Сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Алесь Станкевіч, прамаўляючы да польскіх сацыял-дэмакратаў, зьвярнуў увагу на неабходнасьць больш цесных кантактаў паміж партыямі левага кірунку Польшчы і Беларусі:

(Станкевіч: ) “Мы – вашыя суседзі, і нам неабыякавае тое, што робіцца ў вас, як, я думаю, і вам неабыякавае тое, што адбываецца ў нас”.

Пры канцы свайго выступу Алесь Станкевіч прэзэнтаваў польскім калегам бел-чырвона-белы сьцяг з выявай ружы – сымбалю сацыял-дэмакратыі.

А сябра Цэнтральнай рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Мечыслаў Грыб, які прадстаўляў на зьезде яшчэ і БСДГ і жаночую партыю “Надзея”, у сваёй прамове выказаў упэўненасьць у тым, што польскія сацыял-дэмакраты, якія знаходзяцца зараз ва ўладзе, выявяць салідарнасьць са сваімі беларускімі калегамі ў іхным змаганьні за ўсталяваньне дэмакратычнага ладу ў Беларусі.

(Грыб: ) “На вялікі жаль, асобныя палітыкі заходніх краінаў, якім надакучылі праблемы Беларусі, хацелі б хутчэй закрыць гэтыя праблемы і нават пайсьці на супрацоўніцтва з сёньняшнімі ўладамі, пакінуўшы апазыцыю і барацьбу за правы чалавека і дэмакратыю на ўзбочыне палітыкі. Але мы добра ведаем прынцыповасьць вашай партыі, Уніі працы, у адстойваньні галоўнай каштоўнасьці – дэмакратыі і спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва з вамі, на маральную і палітычную падтрымку з вашага боку”.

Пазьней, у часе асобнай сустрэчы прадстаўнікоў беларускай сацыял-дэмакратыі зь лідэрам Уніі працы, віцэ-прэм’ерам Маркам Полем, Мечыслаў Грыб прапанаваў распрацаваць і як мага хутчэй зацьвердзіць праграму сумесных дзеяньняў абедзьвюх партыяў.

Марэк Поль, зьвяртаючыся да досьведу Уніі працы, партыі, якая 9 гадоў таму паўстала ў выніку кампрамісу людзей розных поглядаў, а цяпер знаходзіцца ва ўладзе, заклікаў беларускіх калегаў да аб’яднаньня ў барацьбе за свае ідэалы:

(Поль: ) “Досьвед Уніі працы ў вялікай ступені пацьвярджае тое, аб чым вы казалі. Неабходна шукаць шляхі паразуменьня. Шукаць тое, што аб’ядноўвае, а не разьядноўвае. Ніякая палітычная сістэма ня можа існаваць вечна. Я перакананы, што ў моманце зьмены сыстэмы беларуская сацыял-дэмакратыя давядзе, што ёсьць гэтаксама добра зарганізаванай, як і польскія левыя партыі. Гэтага я вам сардэчна жадаю”.
XS
SM
MD
LG