Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ БЯРУЦЬ УДЗЕЛ У ПРАЦЫ ЗЬЕЗДУ ПОЛЬСКАЙ УНІІ ПРАЦЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У працы зьезду ў ліку іншых сяброў дэлегацыяў беларускіх сацыял-дэмакратаў узяў удзел былы Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб.

Спадар Грыб прадстаўляў на форуме адразу тры партыі, якія, паводле ягоных словаў, стаяць на шляху аб’яднаньня – Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду і жаночую партыю “Надзея”. Мечыслаў Іванавіч паведаміў, што запрашэньне на зьезд адной з кіруючых партыяў Польшчы ёсьць значным крокам наперад для беларускай-сацыял-дэмакратыі.

(Грыб: ) “Для нас гэты візыт мае вялікае значэньне. Унія працы ўваходзіць у Сацыялістычны Інтэрнацыянал і ёсьць адной з кіруючых партыяў у Польшчы. Мы задаволеныя, што нас упершыню запрасілі на такі зьезд”.

(Карэспандэнт: ) “Мечыслаў Іванавіч, а як вы ацэньваеце стасункі вашай партыі са сваімі польскімі калегамі?”

(Грыб: ) “Польшча магла б значна больш зрабіць, хоць і так робіць нямала. Шмат дапамогі для беларускай сацыял-дэмакратыі і ўвогуле для апазыцыі ідзе праз Польшчу. І гэта натуральна, бо Польшча ёсьць нашай суседкай. Аднак мне здаецца, што патэнцыял польскіх дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у справе дапамогі Беларусі яшчэ да канца ня вычарпаны”.

Мечыслаў Грыб меў кароткую сустрэчу зь лідэрам Уніі працы Маркам Полем. Заплянаваная таксама сустрэча прадстаўнікоў “Народнай грамады” зь міжнародным сакратаром найвялікшай парлямэнцкай партыі ў Польшчы – Саюзу левых дэмакратаў.

А памочнік міжнароднага сакратара Уніі працы Катажына Матушэўская паведаміла нашаму радыё, што яе партыя хоча павялічыць зацікаўленасьць польскай дзяржавы тым, што адбываецца ў Беларусі:

(Матушэўская: ) “Унія працы зацікаўленая ў замежных кантактах як на Ўсходзе, так і на Захадзе. А ўвогуле зацікаўленасьць польскай дзяржавы нашымі ўсходнімі суседзямі, на жаль, нязначная. Мы глядзім на Захад, асабліва на Злучаныя Штаты, і амаль не зьвяртаем увагі на так блізкіх суседзяў, як Беларусь. Мяркую, што гэта трэба зьмяніць. Унія працы дагэтуль ня мела афіцыйных кантактаў у Беларусі, і мяне вельмі цешыць, што нашыя госьці прыехалі і бяруць удзел у працы кангрэсу”.

Паводле словаў Катажыны Матушэўскай, Унія працы ўважліва сочыць за працэсамі, што адбываюцца ў беларускай сацыял-дэмакратыі, і таму было вырашана запрасіць на зьезд прадстаўнікоў усіх беларускіх партыяў сацыял-дэмакратычнага кірунку.

У суботу да ўдзельнікаў зьезду зьвярнуўся прэм’ер-міністар Польшчы Лешэк Мілер, а ў нядзелю раніцай перад дэлегатамі выступяць Мечыслаў Грыб і Ўладзімер Нісьцюк.
XS
SM
MD
LG