Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ХОРЫ СКЛАЛІ АСНОВУ ПРАГРАМЫ ІV МІЖНАРОДНАГА ФЭСТЫВАЛЮ САКРАЛЬНАЕ МУЗЫКІ Ў ВІЛЬНІ


Тацяна Поклад, Вільня

На сёлетнім традыцыйным ужо ў Літве ІV міжнародным фэстывалі сакральнае праваслаўнае музыкі беларускія хоры зноў зьяўляюцца асновай усяе канцэртнае часткі. Канцэрты і багаслужбы фэстывалю цягам трох дзён – ад 10 да 12 траўня – адбываюцца ў сталіцы і ў мястэчках Літвы – у Троках, Вэвісе. Пачаўся фэстываль ў Віленскім Саборы Прачыстай Панны Марыі канцэртам харавых сьпеваў. Выступалі харавыя калектывы зь Літвы і Расеі. Асновай праграмы і найбольш моцнай яе часткай былі выступленьні дзьвух хораў зь Беларусі – Дзяржаўнага камэрнага хору Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік Натальля Міхайлава) і Хору Менскага Сьвята-Пятрапаўлаўскага сабору (мастацкі кіраўнік Ірына Дзянісава).

Хоры зь Беларусі ня першы раз выступаюць ў Літве. Камэрны хор прыяжджаў яшчэ з папярэднім сваім кіраўніком, Ігарам Мацюховым, а хор Сьвята-Пятрапаўлаўскага сабору быў адкрыцьцём мінулага, ІІІ фэстывалю. Беларускія хоры вылучаюцца сваім высокім узроўнем і ня першы раз фактычна “выцягваюць” узровень фэстывалю. Галоўны арганізатар фэстывалю, Тацяна Рынкявічэне, распавядае, што зьбіраюцца поўныя залі – прыходзяць і знаўцы музыкі, і вернікі, і тыя, для каго гэта – экзотыка.

(Карэспандэнтка: ) ”Чаму вы запрашаеце на фэстываль, арыентаваны на расейскую сакральную музыку, беларускія хоры, якія частку праграмы сьпяваюць па-беларуску?”

(Рынкявічэне: ) “На тое, чаму мы любім і запрашаем беларускія хоры, існуюць некалькі прычынаў. Па першае, гэта вельмі добрыя хоры, вельмі добрая музычная школа. І па-другое, я ведаю асабіста Ігара Мацюхова (папярэдні кіраўнік Дзяржаўнага камэрнага хору Рэспублікі Беларусь, якім два апошнія гады кіруе Н. Міхайлава), я запрашала яго хор на фэстывалі раней, і цяпер мы запрасілі гэты хор з новым ужо кіраўніком. Яго жонка, Ірына Дзянісава, стварыла другі хор (Хор Менскага Сьвята-Пятрапаўлаўскага сабору), а мы зь ёй заўсёды сябравалі. А галоўнае, я ведаю, што беларускія хоры – гэта высокі ўзровень. Гэтыя хоры не належаць да маскоўскае школы, яны зусім адрозьніваюцца, ў іх пецярбурская музычная школа, якая славіцца ў сьвеце”.

Пра тое, што існуе і беларуская школа харавых сьпеваў, у Вільні маглі б памятаць па колішніх выступленьнях тут мужчынскага хору “Унія”, але сам хор цяпер не нагадаў пра сябе.

У Вільні ведаюць пра тое, што хоры на Беларусі існуюць у сапраўды цяжкіх матэрыяльных умовах, пра тое, што днямі быў зьліквідаваны загадам прэзыдэнта камэрны хор “Кантус”, як непатрэбны сваёй дзяржаве, тады як гэты хор знаны ў сьвеце праз свой высокі мастацкі ўзровень.

Пасьля выступленьня, вітаньняў і кветак (дарэчы, прысутнічаў і пасол Рэспублікі Беларусь у Літве Ул. Гаркун, але не прывітаў беларускія хоры ні словамі, ні кветкамі) мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага камэрнага хору Натальля Міхайлава распавяла, як жыве і выжывае хор.

(Міхайлава: ) “Нам вельмі цяжка, асабліва мужчынам-артыстам, бо карміцца, а тым болей утрымліваць сям’ю гэтай працай немагчыма. Вельмі маленькія заробкі, і паляпшэньня не прадбачыцца. А на якасьці нашых сьпеваў гэта ніяк не адбіваецца. Працаваць абы-як, проста адпрацоўваючы заробак – у музыцы гэта немагчыма. Гэтая паездка далася нам зь вялікаю крывёю, мы прасілі дабраславеньня мітрапаліта, дык ён нам хоць частку расходаў аплаціў, а выступалі мы без аплаты, задарма”.

Харавыя калектывы зь Беларусі сваім высокім мастацкім узроўнем прэзэнтуюць беларускую культуру ў сьвеце, у той час як беларуская дзяржава дэманстратыўна ад іх адварочваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG