Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ІНТЭРВІЮ З ДАСЬЛЕДЧЫКАМ ЖЫЦЬЦЯ І ТВОРЧАСЬЦІ МІХАСЯ ЗАБЭЙДЫ-СУМІЦКАГА


Віталь Цыганкоў, Прага

(Карэспандэнт: ) “Алесь, скажыце, калі ласка, з чаго пачалося вашае захапленьне творчасьцю Міхася Забэйды-Суміцкага? Усё-ткі ня кожны беларус так цікавіцца ягонай творчасьцю, што едзе ў Прагу здабываць яго архіў. Можа, у вас ёсьць нейкія асабістыя прычыны?”

(Горбач: ) “Увогуле пра Міхася Забэйду-Суміцкага я ўпершыню даведаўся прыкладна ў 1992 годзе. Я быў вельмі моцна зьдзіўлены, калі чытаў кніжку Барыса Сачанкі “Сьняцца сны аб Беларусі” і сустрэў там знаёмыя геаграфічныя назовы: Шэйпічы – гэта родная вёска Забэйды-Суміцкага, Падарост; я быў моцна зьдзіўлены тым, што гэты чалавек нарадзіўся побач са мной, недалёка ад нашай вёскі, праз рэчку – а я нічога пра яго ня чуў, ніколі нідзе не чытаў, пра яго не гаварылі ў школе, не пісалі, і яне мог паверыць, што гэта сапраўды тыя самыя Шэйпічы, што гэты чалавек сапраўды тут нарадзіўся. З гэтага, відаць, і пачалося маё зацікаўленьне. Дарэчы, калі я спытаў у вёсцы ў людзей, то старыя людзі ведалі, сказалі, што памятаюць – быў такі сьпявак Забэйда з Шэйпічаў, і тады я ўжо ўпэўніўся, што ён сапраўды мой зямляк. А пазьней ужо былі архівы, менскія архівы, у прыватнасьці, архіў Музэю літаратуры і мастацтва. Зараз я у Празе, каб працягнуць сваю дасьледчыцкую дзейнасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я ведаю дасюль пра Забэйду-Суміцкага – магчыма, самага славутага беларускага сьпевака 20-га стагодзьдзя – не напісана ніводнай кнігі. Так гэта ці не?”

(Горбач: ) “Так. Як ні сумна, але гэта сапраўды так. Пра Забэйду-Суміцкага няма на сёньня ніводнай менш-больш добрай манаграфіі. Былі такія спробы, у прыватнасьці, у 1940-х гадох была апублікаваная манаграфія Куліковіча-Шчаглова, даволі добрая манаграфія, бо ён быў музыкантам і, адпаведна, мог ацаніць Забэйду менавіта як творца, але гэта былі 1940 гады, і Забэйду яшчэ суджана было пражыць столькі ж. Затым на пачатку 1970-х Янка Шутовіч, віленскі беларус, ён таксама напісаў нядрэнную манаграфію, здаў яе ў часопіс “Полымя”. Але “Полымя” на той час, безумоўна, не магло надрукаваць гэтую манаграфію і не надрукавала. Такім чынам, сёньня сапраўды няма больш-менш прыстойнай манаграфіі.

Таму я ўжо даўно паставіў сабе за мэту, каб пра гэтага чалавека ведалі як мага больш людзей, каб пра яго ведалі ўсе, бо гэта сапраўды быў выдатны чалавек, гэта баў выдатны артыст, які дасягнуў вялікіх посьпехаў, вялікіх вышыняў у мастацтве. Ужо былі мае публікацыі ў шэрагу газэтаў, таксама была выдадзеная брашура пад назовам “Голас самой зямлі нашай” невялікім накладам – 300 асобнікаў. Ну і я працую далей над тым, каб зьявілася нарэшце сапраўдная кніга, добрая кніга пра Міхася Забэйду-Суміцкага”.

(Карэспандэнт: ) “Ці прынесла вашая паездка ў Прагу якія-небудзь адкрыцьці, якія-небудзь нечаканыя для вас новыя факты, дакумэнты?”

(Горбач: ) “Найперш я хацеў бы сказаць, што асабісты архіў сьпевака, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музэі літаратуры і мастацтва, дужа багаты, і ён даў вельмі шмат інфармацыі пра гэтага чалавека, вельмі шмат там матэрыялаў, і я нават у Празе некаторых зьдзівіў тым, што я ўжо ведаў, але, безумоўна, я шмат даведаўся і тут.

Найперш гэта сустрэчы зь людзьмі, якія асабіста ведалі Забэйду-Суміцкага. У прыватнасьці, днямі была дужа цікавая сустрэча зь Любамірам Кастэцкім, чэскім музыкантам. Забэйда сябраваў зь сям’ёй Кастэцкіх. Надзея Кастэцкая, дарэчы была з Баранавічаў родам. Безумоўна, я шмат цікавага пачуў.

Ня менш важным для мяне было наведаць магілу сьпевака – гэта, я лічу, Мека для кожнага беларуса, які прыяжджае сюды, ў Прагу, – наведаць парог яго дому, як кажуць, дакрануцца душой да тых мясьцінаў, дзе ён жыў”.
XS
SM
MD
LG