Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Суботні дыялёг”: Гутарка з Аляксандрам Сасновым. 11 траўня

Чаму абваліўся прэзыдэнцкі рэйтынг? Ці можа што-небудзь яму дапамагчы? Якія рэйтынгі ў апазыцыйных палітыкаў? Пра гэтае і іншае ў “Суботнім дыялёгу” разважае намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-палітычных і эканамічных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў. Перадачу вядзе Ірына Халіп.


"Па-за тактам": музычнае жыцьцё Беларусі ў новай сэрыі перадач Радыё Свабода. 11 траўня

Сольныя музычныя праекты папулярных выканаўцаў. Што робіцца ў гэтай галіне ў Беларусі і чаго можна чакаць ад музыкантаў? Пра гэта ў праграме "Па-за тактам" гутараць гітарыст Піт Паўлаў і Зьміцер Падбярэскі.


“Сымбаль веры”: Брацтву Трох Віленскіх Пакутнікаў ў Менску споўнілася дзесяць гадоў. 11 траўня

З нагоды юбілею пра пачаткі Брацтва, яго асноўныя кірункі дзейнасьці, дасягненьні і пляны на будучыню расказваюць: старшыня Брацтва Мікола Матрунчык, а таксама актыўныя сябры: Лідзія Кулажанка, якая ўзначальвае рэдкалегію часопіса “Праваслаўе” і Лябараторыю Царкоўнай Гісторыі і загадчык Выдавецкага Аддзелу Леанід Качанка. Вядзе перадачу Кастусь Бандарук.


"Здароўе": 13 траўня ў большасьці эўрапейскіх краінаў адзначаецца “Эўрапейскі дзень мэляномы”. 11 траўня

У гэты дзень грамадзяне могуць бясплатна пракансультавацца ў дэрматоляга наконт пігмэнтных плямаў на скуры або пазваніць па пэўных тэлефонных нумарах, каб атрымаць кансультацыю спэцыяліста. Дзень мэляномы спэцыяльна ўсталяваны напярэдадні сэзону загару, які часьцей за ўсё спараджае гэтую сьмяротную хваробу. Як правільна загараць – гэтаму будзе прысьвечаны наступны выпуск нашай мэдычнай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

У перадачы вы пачуеце вынікі новага дасьледаваньня, якое сьведчыць што антыбіётыкі і вітамін С дзейнічаюць на бранхіт аднолькава, а таксама новыя парады мэдычнай арганізацыі RealAge. Перадачу падрыхтавалі і вядуць Вольга Караткевіч і Сяргей Абламейка.


“Вольная студыя”: Які ён — сапраўдны беларускі партызан? 12 траўня

За савецкім часам кінастудыю “Беларусьфільм” называлі “Партызанфільмам”. Здавалася б, зьнятыя на ёй дзясяткі стужак на тэмы партызанскай барацьбы дарэшты вычарпалі тэму. Але падзеі вайны ў іх паказваліся па-савецку тэндэнцыйна і аднабока. Які ён — сапраўдны беларускі партызан? Пра гэта задумаліся кінарэжысэр Андрэй Кудзіненка і сцэнарыст Аляксандар Качан ды стварылі новае партызанскае кіно.

Гутарку Міхася Скоблы з аўтарамі “Партызанскай містэрыі” слухайце ў нядзелю.

“Вострая брама”: Сёньня ў Беларусі ня толькі гарады й мястэчкі, але й асобныя гарадзкія раёны імкнуцца займець уласныя герб, сьцяг і гімн… 12 траўня

Што гэта? Разумныя пачаткі самакіраваньня? Ці – прафанацыя, вынік таго бязладзьдзя і бясчасься, якое пануе ва ўладах? Ці, можа, гэта прамаўляюць колішнія, сярэднявечныя традыцыі, калі беларускія паселішчы змагаліся за магдэбурскае права? У новым выпуску "Вострае Брамы" гаворка ідзе пра сымболіку беларускіх гарадоў – старую і новую. Аўтары перадачы разважаюць пра гімны ў Полацку, Горадні, Чачэрску, Менску і Вільні.

Перадачу вядзе Сяргей Дубавец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG