Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРОД БЕЛАРУСАЎ НЯМА ЗГОДЫ Ў ПЫТАНЬНІ: “ДОБРА ЦІ КЕПСКА ТОЕ, ШТО Ў КРАІНЕ ТАК ШМАТ НЕПРАЦОЎНЫХ ДЗЁН?”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ад учорашняга дня і да аўторка ў Беларусі ня будуць працаваць амаль усе прадпрыемствы, а таксама большасьць дзяржаўных ды навучальных установаў, банкаў і г.д.

Праўда, у панядзелак некаторыя з гэтых установаў запрацуюць, але ў скарочаным рэжыме, бо 14 траўня Радаўніца, і перад выходным ці сьвяточным днём людзі звычайна працуюць няпоўны дзень.

Многім не падабаецца, што дзяржава зрабіла так шмат выходных адразу, бо потым людзям вельмі цяжка будзе вярнуцца да нармальнай працы. Іншыя ж наадварот лічаць, што людзі маюць права адпачыць 5–6 дзён адразу, бо, маўляў, у Беларусі штодзённае жыцьцё і так вельмі цяжкое. Адзінай думкі сярод апытаных у гэтай справе няма.

(Карэспандэнт: ) “Ужо некалькі дзён Беларусь сьвяткуе. Выходныя дні працягнуцца да аўторка ўключна. Гэтулькі выходных запар ці не замінаюць людзям вырашаць штодзённыя праблемы?”

(Дзяўчына: ) “Відаць, не. Адпачнуць, вялікія выходныя”.

(Карэспандэнт: ) “А тое, што не працуюць дзяржаўныя, навучальныя ўстановы, банкі — гэта ніяк не перашкаджае людзям?”

(Дзяўчына: ) “Ну так. Трэба было тэрмінова атрымаць грошы, а банк не працаваў”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да таго, што ў Беларусі так шмат сьвятаў?”

(Спадар: ) “Можа й ня трэба было столькі сьвятаў. Два выходных заўсёды хапала”.

(Кабета: ) “Цудоўна, файна. Людзі папрацавалі й цяпер адпачываюць”.

(Іншая спадарыня: ) “Зрэшты, пяць дзён — гэта зашмат, людзей расхалоджвае. Я супраць такіх сьвятаў. Асабліва цяжка гаспадыням карміць. Многія пытаньні немагчыма вырашыць, нават банкі не працуюць. Пяць дзён — гэта дрэнна”.

(Спадарыня: ) “Пасьля пяці дзён людзям ня хочацца працаваць. Можа й менш трэба было б”.

(Студэнты — хлопец і дзяўчына: ) “Мы радыя. Ад вучобы адпачываем, ад дому, ад усіх адпачываем”.

(Спадар: ) “Гэта абсалютна нармальна. Пяць–шэсьць дзён можна адпачыць, добра, цудоўна пабавіць час”.

(Спадар сталага ўзросту: ) “Я вам скажу... Каму трэба працаваць, дык той будзе працаваць, не зважаючы на сьвята. А каму гуляць, дык ён і так гуляе, і так. Такім усё роўна. А ўстановы, дык там жа людзі на бюджэце. Ім, што пяць, што сем выходных — усё роўна, тыя ж самыя грошы”.

(Кабета: ) “Трэба даць людзям магчымасьць пасеяць. А то будуць адпрошвацца з працы. Я думаю, што гэтыя сьвяты для такой справы будуць акурат дарэчы”.

(Спадар: ) “Штодзённыя праблемы людзей застаюцца. Больш гуляеш, менш маеш”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, так шмат выходных не перашкаджаюць людзям вырашаць штодзённыя праблемы?”

(Хлопец: ) “Я думаю, што не. Часам трэба й пагуляць. Але ня так шмат, як у нашай краіне. Трэба часам думаць і аб працы. Вы самі разумеееце, якое ў нас становішча, як мы жывем. Ня ўсе людзі могуць сабе дазволіць добра пагуляць. Таму, я лічу, што спачатку трэба добра папрацаваць, а потым ужо добра пагуляць”.

Такія меркаваньні беларусаў адносна травеньскага адпачынку, які расьцягнуўся на пяць дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG