Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЗЕЙНАСЬЦЬ КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ ХУТКА БУДЗЕ ЗНОЎ РАЗГЛЯДАЦЬ СТАЛАЯ РАДА АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Сталая Рада 16 красавіка ўжо разглядала беларускае пытаньне. Намер паўторнага звароту да яго апазыцыйныя палітыкі ў Менску ацэньваюць як добрую ініцыятыву і рашучасьць цяперашняга дзейнага старшыні АБСЭ спадара да Круша з Партугаліі, які пасьля парлямэнцкіх выбараў у гэтай краіне з 6 красавіка стаў кіраваць АБСЭ.

Менавіта зь ягонай ініцыятывы амбасадар Гайкен дадаткова атрымаў пасаду адмысловага пасланца дзейнага старшыні АБСЭ. А гэта можа вывесьці адносіны паміж Беларусьсю і АБСЭ на больш канструктыўны ўзровень.

Генэральны сакратар АБСЭ Ян Кубіш адзначае, што ў гэтай міжнароднай арганізацыі “ёсьць жаданьне наладзіць адносіны так, каб місія АБСЭ ў Менску змагла працягваць паўнавартасную працу бязь лішняй канфрантацыі”.

Са словаў генэральнага сакратара, цяпер ідзе абмеркаваньне парамэтраў, якія змогуць садзейнічаць такой працы. Спадар Кубіш адзначае: адбываецца абмеркаваньне парамэтраў супрацоўніцтва. Гэта павінна тычыцца ўсіх, гэтак жа, як і выкананьне прынцыпаў і абавязацельстваў, што ўзяла на сябе Беларусь у рамках АБСЭ.

З 31 сьнежня мінулага году пасьля сыходу амбасадара Віка Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі ня мае сталага кіраўніка. Сытуацыя пагоршылася пасьля таго, як 15 красавіка зь Менску зьехаў выканаўца абавязкаў кіраўніка місіі Мішэль Рывалье, якому беларускія ўлады не працягнулі дыпляматычную акрэдытацыю.

Цяпер адказным за работу КНГ зьяўляецца палітычны дарадца Эндру Карпэнтэр, які, як мне патлумачылі тут, ёсьць часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка групы. Такім чынам, КНГ ня мае ўжо двух штатных супрацоўнікаў.

Аднак беларускія ўлады да гэтага часу не даюць згоды прыняць у якасьці сталага кіраўніка КНГ нямецкага дыплямата Эбэргарда Гайкена. Гэтая сытуацыя і будзе абмяркоўвацца на паседжаньні Сталай Рады АБСЭ ў Вене.
XS
SM
MD
LG