Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ РЭДАКТАР “КРЫНІЦЫ” ЎВОДЗІЦЬ ЦЭНЗУРУ


Валянціна Аксак, Менск

На знак пратэсту супраць нічым не абгрунтаванае зьмены галоўных рэдактараў літаратурна-мастацкіх выданьняў калектыў часопісу “Крыніца” 3-га траўня пакінуў рэдакцыю. Падрыхтаваны ім да друку красавіцкі нумар мусіў быць апошнім непадцэнзурным нумарам “Крыніцы”. Аднак ён так і ня выйшаў з друку. Гаворыць галоўная рэдактарка часопісу Ала Канапелька:

(Канапелька: ) “Нам яго не дазволілі выдаць. Калі мы атрымалі грошы, а ў нас на яго не хапала 1 мільён 300 тысяч рублёў, то намесьніца дырэктара рэдакцыйна-выдавецкае ўстановы “Літаратура і мастацтва”, у якую з красавіка аб’ядналі часопісы, Таіса Бондар сказала, што ні ў якім разе нельга выдаваць. Гэта павінен рабіць ужо новы рэдактар”.

Прызначаны ўладай на месца Алы Канапелькі Вячаслаў Дашкевіч, прачытаўшы падрыхтаваны да друку нумар, зьняў зь яго п’есу вядомага беларускага драматурга Сяргея Кавалёва. Якую крамолу ў бяскрыўдным грэцкім міце пра сёстраў багіні Псыхеі, які аўтар паклаў у аснову драматургічных калізіяў, знаўшоў пільны рэдактар, нам даведацца пакуль не ўдалося. Афіцыйная Беларусь сьвяткуе, і адказныя асобы ва ўстановах не працуюць.

Апрача цэнзураваньня, новы галоўны рэдактар “Крыніцы” фармуе штат супрацоўнікаў. Нечаканую прапанову спадар Дашкевіч зрабіў сваёй гвалтоўна звольненай папярэдніцы.

(Канапелька: ) “Ён мяне ўгаворвае застацца ў яго намесьніцай... (Cьмяецца). Але ж я ня штрайкбрэхер...”

Ахвотных заняць вакантныя цяпер месцы ў рэдакцыі “Крыніцы” нямала, кажа спадарыня Канапелька. Прычым асобы гэтыя прадстаўляюць як, так бы мовіць, сяброў тых, хто публічна пратэстуе супраць гвалтоўнае палітыкі ўлады ў справе зьнішчэньня калектываў літаратурных часопісаў і саміх выданьняў, так і прыхільнікаў гэтых дзеяньняў.
XS
SM
MD
LG