Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕРМАНАВІЧЫ


Зьміцер Бартосік, Германавічы

У мястэчка Германавічы лепш за ўсё ўяжджаць з боку Лужкоў. Калі падарожнік знаёмы з творчасьцю мастака Язэпа Драздовіча, дык адразу ўзгадвае карціну "Германавіцкая роўнядзь". Што праўда, на Драздовіцкім палатне няма напаўразбураных калгасных кароўнікаў, кінутай на палях бітвы за ўраджай іржавай тэхнікі, ды й самі палі ў мастака выглядаюць менавіта ўзаранымі палямі, а ня пусткаю.

Сёньняшнія Германавічы – невялікае мястэчка Шаркоўшчынскага раёну, дзе жыве крыху больш за 700 жыхароў. І, як няслушна паведамляе Беларуская Энцыкляпэдыя, цэнтар сельсавету й калгасу. Няслушна, бо мясцовы калгас "Буревестник" бясслаўна сканаў, а ягоныя землі далучаныя да суседняга саўгасу "Гарадзец". Cёньня самы вядомы чалавек у мястэчку – гэта Ада Эльеўна Райчонак. Колішняя настаўніца гісторыі, а зараз актыўная беларуская адраджэнка, дзякуючы якой ў Германавічах паўстаў музэй Драздовіча, праводзяцца Драздовіцкія пленэры й выдаецца газэта "Бацькаўшчына".

Свой шпацыр са спадарыняй Адай па Германавічах мы пачалі ад колішняга палацу графоў Шырыных, чые пакоі памятаюць крокі апошняга караля Рэчы Паспалітай ды бразгат шпораў Напалеона Банапарта. Пра сваё мястэчка Ада Эльеўна можа распавядаць бясконца.

(Ада Райчонак: ) "Успамінаецца прыкладна з 13-га стагодзьдзя, а на карце вядома з 1579 году. На карце Пахаловіча. Гэта былая вотчына Сапегаў. І яе купіў такі Гільзэн, ліфляндзкі гісторык. Ён нядоўга валодаў Германавічамі, перапрадаў сваёму выхаванцу, Ігнацію Зрыня-Шырыну. Ігнацій Зрыня-Шырын пабудаваў тут палац у 1782 годзе, а ў 1787 годзе пабудаваў касьцёл. Тут былі касьцёл, царква стараабрадцаў, сынагога. Тут трэцяя частка насельніцтва былі габрэі, іх зьнішчылі ў час вайны. Тут трох канфэсій людзі жывуць. Стараабрадцы, каталікі й праваслаўныя.

Язэп Драздовіч меў тут шмат сяброў. Ён адкрыў тут дзьве бібліятэкі й пачатак ім паклаў сваімі кнігамі. І ёсьць нават кнігі ў музэі, якія належылі гэтым бібліятэкам. Ён стварыў мастацкую самадзейнасьць у трыццатыя гады. Было больш за сто ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасьці. Ну хто цяпер можа пахваліцца ў нас, у вясковым клубе, ці Доме культуры, што столькі людзей ёсьць?"

У цэнтры мястэчка маю ўвагу прыцягнула белая цагляная будыніна-пачвара з праваслаўным крыжом над уваходам. Сакральнага ў гэтым шэдэўры ня шмат.

(Бартосік: ) "Сапраўды, для царквы такі будынак вельмі нават незвычайны. А што гэта раней было?”

(Ада Райчонак: ) “Забягалаўка гэта раней была. Гарэлку пілі, п'яныя валяліся вось тут. Пад гэтым домам. Нічога сьвятога ў гэтым будынку не адчуваецца".

Я бачыў храмы, ператвораныя ў кабакі. Але кабак, ператвораны ў храм, пабачыў упершыню. Наважыўшыся пагутарыць з кабетамі каля царквы, я наперад ведаў іхныя адказы.

(Маладзіца: ) “Я зараз у дэкрэце. Двое дзетак, адной 2 годзіка, другой тры месяцы”.

(Бартосік: ) “Як жыцьцё? Мяркуючы па вашай усьмешцы ня так ужо і...”

(Маладзіца: ) “Аё, дрэнна. Канечне, дрэнна. Зарплату ў калгасе не даюць. Па чатыры месяцы, па тры. Зарплаты маленькія. Мужу восем тысяч толькі. За кватэру даляры плацім. Плаціць кожны месяц трэба, а грошай няма ў калгасе. Калгас не дае кватэры, колькі ня просім. Я ўжо ў калгасе 9 гадоў”.

(Старая: ) “Ужо дзякуй Богу, не атрымлівалі, за малако тры месяцы грошай не давалі, зарплату чатыры месяцы не давалі. Бульба згніла, бульба прапала, пайшла да людзей пазычыла. Кажу: "Можа, вясной адкуплю". Во як жывем, ня дай Бог. Як у Сьвярдлоўску. Гэтак жа ж у Сьвярдлоўску, перадвалі па целявізары, 6 месяцаў не даюць заробкаў. І тут гэта самае прыйшло. Дагэтуль мы жылі, гэтак у Амэрыцы ніхто ня жыў”.

(Бартосік: ) “Мы ж інтэгруемся з Расіяй, са Сьвярдлоўскам. Так што будзем жыць...”

(Старая: ) “Гэтак, як і яны? Не! Лукашэнка ня ведае аб гэтым. Гэта раён круціць хвостам. Як жыд цыцалем".

Працягваць палітычную дыскусію пасьля такіх эмацыйных аргумэнтаў у мяне жаданьня ня ўзьнікла.

Паняцьце "малы бізнэс" для местачкоўцаў даўно не чужое. Дзякуючы мясцоваму прадпрымальніку Сяргею, у чыю краму я зайшоў па цыгарэты.

(Бартосік: ) “І можна выжыць, зарабіць грошы, адкрыўшы краму ў такім невялікім мястэчку, як Германавічы?”

(Сяргей: ) “Цяжка. Толькі так – на салярку, на запчасткі, на заробак ну й сабе трохі”.

(Бартосік: ) “Скажыце, а які тавар ідзе лепш за ўсё? Які найбольш выгадна вазіць?”

(Сяргей: ) “Ну сахар, муку па кіляграму бяруць. І ўсё. А што болей? Ну віно трошку, ліманад, тое-сёе. Ну хлеб прывозім зь Менску два разы на тыдзень. Хаця гэта накладна, ну пакуль-што прывозім. Карацей, атрымліваецца з адной паездкі ў Мінск 27000 выручкі. Будзем чакаць лепшага”.

(Бартосік: ) "Баранэса Бронкс". Што гэта такое? Гэта віно? Гэта лікёр. І якім карыстаецца попытам?”

(Сяргей: ) “Невялікім. Таму што дарагі. Найлепшым попытам "Прыпяць" карыстаецца".

Калі Вы раптам зьбярэцеся ў тыя краі і захочаце зрабіць прыемнае людзям, дык купеце ў Менску хлебу. Гэта будзе найлепшы падарунак са сталіцы. Справа ў тым, што хлеб Шаркоўшчынскага хлебазаводу вырабляецца па нейкай дзіўнай рэцэптуры. Напэўна, пасьляваенных цяжкіх часоў. Есьці яго, канечне, можна. Асабліва запіваючы загадкавым напоем "Прыпяць". Але толькі адны суткі. Назаўтра ён ператвараецца ў будматэрыял.

Паўсюль, у самай, здавалася б, глухой вёсцы й далёкім мястэчку абавязкова знойдзецца які-небудзь малады клясычна-беларускамоўны чалавек, які будзе ведаць гісторыю кожнага навакольнага камяня ня горш за палітычныя падзеі ў сталіцы. Ёсьць такі чалавек і ў Германавічах. Алесь, а менавіта так клічуць майго новага знаёмага, з радасьцю пагадзіўся праехацца са мною ў Лужкі. Мне вельмі закарцела пагутарыць з ксяндзом, слава пра якога ідзе па навакольлі. Ксёндз Чэслав служыць у мясцовай парахвіі нядаўна, але праславіўся тым, што службу вядзе па-беларуску. У саміх Лужках Алесь папрасіў мяне збочыць з вуліцы ў прыгожую браму, і праз колькі мэтраў мы апынуліся перад палацам, які й сёньня не згубіў сваёй шляхецкай зграбнасьці.

(Алесь: ) “Мы знаходзімся ў старажытнай вёсцы Гарадзец, гэта былая рэзыдэнцыя знакамітага графскага роду Плятэраў, якія валодалі шматлікімі багацьцямі, землямі, лясамі, фабрыкамі. Тут любіла бываць і бавіць час адна знакамітая Апалінарыя Плятэр, вельмі блізкая сяброўка Эміліі Плятэр, таксама адна з актыўных удзельніц паўстаньня 1831-га году. Такі вядомы факт, што гэтае месца стала цэнтрам паўстаньня ў Дзісьненскім павеце”.

(Бартосік: ) “А зараз што тут?”

(Алесь: ) “Зараз тут знаходзіцца дырэкцыя саўгасу "Гарадзец". Будынак, як можна паглядзець, ужо занядбаны. Тут абвальваецца тынкоўка, ад былой велічы тут амаль-што нічога не засталося”.

(Бартосік: ) “Цікава, як ты думаеш, тая жанчына, яна ведае, што тут было раней?”

(Алесь: ) “Думаю, што ведае. Яшчэ легенды ходзяць і ўспамінаюць Плятэраў”.

(Бартосік: ) “Добры вечар вам. А вы нам ня скажаце, што тут было раней?”

(Жанчына: ) “Граф жыў даўным-даўно?”

(Бартосік: ) “А якога роду, ня памятаеце?”

(Жанчына: ) “Гэтага не скажу”.

Перад позьнебарокавым касьцёлам Міхаіла Архангела, дзе калісьці служыў Язэп Германовіч, першаадкрывальнік ГУЛАГу, дзе калісьці маліўся генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч і мастак Язэп Драздовіч, зараз ідзе праца. Людзі сталага веку пілуюць старыя дрэвы. Ксёндз Чэслаў гасьцінна запрасіў нас на кубачак гарбаты ў плябанію, дзе маё першае пытаньне было пра мову.

(Ксёндз Чэслаў: ) "Сёньня такая пазыцыя касьцёла, каб на беларускай мове. Каб насельніцтва лепш зразумела. А я сам, як беларус, дык мне лягчэй таксама на беларускай мове маліцца. Тым больш, маем усё больш і больш літургічных кніг”.

(Бартосік: ) “І як гэта ўспрымаецца старэйшым пакаленьнем? Ці нават маладзейшым?”

(Ксёндз Чэслаў: ) “Не было ніякіх праблемаў з гэтым – старэйшыя, маладзейшыя. Задаволеныя, падабаецца ім. А можа, штосьці маюць у сэрцы, якія танскноты – чаму не на польскай мове. Але нічога пра гэта не гавораць”.

Па вяртаньні ў Германавічы я пазнаёміўся з мужам Ады Райчонак, Алегам, 70-гадовым крэпкім старым, колішнім старшынём клагасу, а сёньня беларускім фэрмэрам.

(Алег Райчонак: ) "Зараз фэрмэру цяжка жыць і працаваць. Я фэрмэрствам пачаў займацца ў 1992-м годзе. Пайшоў на пэнсію, узяў 20 гектараў зямлі, ну й працаваў. Спачатку адзін, зараз сын дапамагае. Мне ўжо 70 гадоў. Летась захацелі ўзяць яшчэ 40 гектараў. Я біўся год, каб мне далі гэтыя 40 гектараў зямлі. Не давалі. Правялі агульны сход, на якім падгаварылі людзей, там п'яніц такіх... Гвалт крычаць: "Ня будзем даваць зямлю". Вынесьлі рашэньне – адмовіць. Ну потым я напісаў скаргу ў аблвыканкам. Прыехала камісія й выдзеліла мне гэтыя 40 гектараў. Зярно я здаю дзяржаве, у Полацкі мелькамбінат. Летась я здаў 21 тону пшаніцы, атрымаў толькі за 5 тон. А 16 тон так і павісла, ніяк не магу выбіць. Здаш на мясакамбінат быка ці карову, грошы ня плоцяць па два, па тры месяцы”.

(Бартосік: ) “У гаспадарцы Алега Райчонка ёсьць усё, што трэба для працы – свой камбайн, грузавік, два трактары. І спыняцца на гэтым фэрмэр не зьбіраецца. Як бы хто ні замінаў працаваць”.

(Райчонак: ) “Летась я саломы зарулоніў 670 рулонаў. Салома харошая. Мы тут дамовіліся з суседнім калгасам. У яго кармоў няма, у нашым таксама няма. Каровы стаяць, раніцай сілас, у абед сілас і ўвечары сілас. Райвыканкам забараніў старшыням калгасаў браць салому ў фэрмэра. Возяць за 50-70 кілямэтраў салому, застагаваную ў 2001-м годзе. Мышы яе ўжо патачылі, каровы не ядуць. А мая салома харошая, маю ня трэба браць. Тлумачаць, што "новым беларусам", фэрмэрам, ня трэба дапамагаць".

Фэрмэрская гаспадарка Алега Райчонка вырабляе прадукцыі ў 10 разоў больш за ўжо няісны калгас "Буревестник". Пры тым, што ў Райчонка працуюць 3 чалавекі, улучна з гаспадаром, а ў калгасе – 198. Сам Райчонак адводзіць мясцовым калгасам да поўнага заняпаду год-два. Але гаворыць пра гэта з болем, бо шкада зямлі й быдла.

У Шаркоўшчынскім раёне ёсьць і актывісты БНФ, і маладафронтаўцы, і "зуброўцы". Але адзіная незалежная газэта выдаецца ў Германавічах. Распавядае Ада Райчонак.

(Бартосік: ) “Я бачу газэту пад назвай "Бацькаўшчына". Гэта вашая газэта?”

(Ада Райчонак: ) “Так, гэта нашая газэта. Выдае цэнтар Драздовіча і Таварыства беларускай мовы. Пэрыядычнасьць яе – раз на месяц. Мы даем тут краязнаўчыя матэрыялы. Але стараемся ісьці ў ногу з часам. Вось гэты нумар будзе прысьвечаны Міхасю Ткачову. Крыху даем матэрыялаў раённага кшталту”.

(Бартосік: ) “А як вы яе распаўсюджваеце?”

(Ада Райчонак: ) “Так, па сябрах. У кожнай вёсцы ёсьць людзі, якія яе распаўсюджваюць. Я туды заважу газэты. Газэта карыстаецца вялікім попытам. З рук у рукі перадаецца. Яна бясплатная. газэта. Старшыня БНФ стараецца заўжды занесьці нумар "Бацькаўшчыны" ў райана, у райвыканкам. І вось, калі адна мая знаёмая аднойчы заходзіла да нашага вэртыкальшчыка, у яго гэтая "Бацькаўшчына" ляжала на стале. Яна да іх трапляе".

Калі раённыя ўлады ўважліва чытаюць "Бацькаўшчыну", то ўжо, напэўна, ведаюць, хто такія Плятэры й Шырыны, кім быў Булак-Балаховіч і Язэп Германовіч. І, магчыма, задумаліся, якая памяць застанецца пасьля іх.
XS
SM
MD
LG