Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ ЛІЧАЦЬ, ШТО ДРУГАЯ ЎСЯСЬВЕТНАЯ ВАЙНА ЗАКРАНУЛА КОЖНУЮ БЕЛАРУСКУЮ СЯМ’Ю


Альгерд Невяроўскі, Менск

Найперш я зьвярнуўся з пытаньнем да вэтэранаў. Пра якое жыцьцё марылі яны ў траўні 1945 году, якім уяўлялі свабоднае жыцьцё й ці спраўдзіліся іхныя мары? Вось такія атрымаў адказы:

(Вэтэран: ) “Увогуле нічога. Малалетнімі былі, па 20 гадоў было. Пра што тут думаць? Закончылася вайна, шэсьць гадоў служылі. Прыехалі ў 1952 годзе, трэба было тут жыцьцё ўладкоўваць. Мне ж ужо 24 гады было. Самастойнае жыцьцё. Стаў працаваць, і ад таго часу паўстагодзьдзя токарам каля станка й стаяў”.

(Карэспандэнт: ) “Але тое, чаго хацелі б, вашыя мары — спраўдзіліся?”

(Вэтэран: ) “Мы нічога не разумелі. Мы толькі ведалі, што будзе лепей, што ня будзем пад фашыстамі, будзем па-свойму арганізоўваць сваё жыцьцё. Гэта была галоўная задача. Я ў Вугоршчыне служыў і толькі чуў: “Вось, вернемся на гражданку — будзе ў нас сваё жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, спадар генэрал, пра якое жыцьцё вы марылі ў 1945 годзе? Можа, пра дэмакратычнае жыцьцё? Ці спраўдзіліся гэтыя мары?”

(Генэрал: ) “Тое, пра што марыў, — спраўдзілася. Сям’я ў мяне... Я думаў: не вярнуся, але вярнуўся. Я шчасьлівы, бо маю дзяцей, унучку, і ўсё ў мяне добра”.

(Вэтэран-лекар: ) “У мяне ўсё спраўдзілася. Я марыў вярнуцца дадому, сустрэць сваіх сяброў, родных, сяброў-сукурсьнікаў. Усё гэта збылося. А цяжкасьці, натуральна, былі. Трэба было вучыцца, дасканаліць сваю прафэсію. Я хірург, трэба было лячыць і далечваць параненых, што засталіся пасьля вайны”.

Большасьць з апытаных беларускіх вэтэранаў гаворыць, што мары іхныя збольшага спраўдзіліся, бо яны найперш хацелі, каб не было больш вайны. Хаця й адзначалі, што жыцьцё ў іхнага пакаленьня апошнім часам несалодкае.

А вось якія ўспаміны пра другую ўсясьветную вайну маюць людзі якія альбо не ваявалі, альбо нарадзіліся пасьля гэтай вайны:

(Мужчына: ) “Я нават ня ведаю, што сказаць”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, якім чынам вайна закранула вашую сям’ю?”

(Жанчына: ) “Я сама з Гарадзенскай вобласьці, і мае продкі жылі на самай мяжы. Калі пачалася вайна, іх усіх вывезьлі немцы. Бабуля мая загінула, дзядуля быў у канцлягеры. Таму маю сям’ю закранула вайна. Вельмі добра, што мы выратаваліся, хаця цяпер многія гавораць, што гэта ня так. Але я вельмі паважаю тых людзей, што ваявалі. Бо калі б не было той перамогі, можа й не было б і нас”.

(Дзяўчына: ) “Вайна нашую сям’ю ніяк не закранула. Мой прадзед ваяваў, але я зь ім на гэтую тэму ніколі не размаўляла”.

(Старая жанчына: ) “Бацьку немцы білі, білі й забілі”. Страшна было. Хаваліся пад зямлёю. Усяляк было. Вось так. А цяпер, каб даў Бог — каб не было ніколі той вайны”.

(Спадар: ) “Закранула так, што дзед ваяваў, бацькаў брат загінуў. Вельмі сумна, бо шмат загінула людзей, шмат беларусаў загінула”.

(Іншы спадар: ) “У кожнага з нас гэтая дата павінна застацца ў памяці. Бо й мой бацька, і мае дзяды бралі ўдзел у гэтай вайне. Таму для нас гэтае сьвята — сьвятое”.

Такія ўспаміны і меркаваньні жыхароў Менску пра перамогу ў другой усясьветнай вайне.
XS
SM
MD
LG