Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЛІТАРАТАРЫ ПРА ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ


Валянціна Аксак, Менск

Расказвае драматург Уладзімер Халіп:

(Халіп: ) “Дзень Перамогі я памятаю проста выдатна. Я памятаю нават, якое было тады надвор’е: сьвяціла сонца, дзьмуў вецер; але ў нашай спаленай вёсачцы Пліна, дакладней двары Пліна, у гэты час было даволі пуста. Я ня ведаю, дзе былі людзі. Магчыма, яны былі ў полі, капалі там гнілую бульбу, бо тады ўсе мы толькі вярнуліся з блякады ды людзі мала сеялі... Быў страшэнны голад, усе хварэлі, паміралі дзеці...

Было вельмі жудасна ў тым 1945-м годзе, бо нас тады, паміж іншым, вызваліцелі кінулі. Я ня ведаю, якая менавіта была палітыка тады, так і не дазнаўся, але хутчэй за ўсё яны лічылі нас здраднікамі: як жа мы пасьмелі аказацца на акупаванай тэрыторыі?!

Нічога страшней за той голад я ня памятаю. У нашай вёсачцы памерлі ўсе дзеці. Толькі мяне выратавала мая бабуля, якая жыла са мной. І вось — гэты дзень. Я памятаю, як мяне вывелі з хаты, хворага, я сядзеў на лавачцы каля хаты на прыпёку, і ў гэты час я ўбачыў, як бяжыць па вуліцы настаўніца. Страшэнна кульгае, раскінула рукі, нібы багіня перамогі Ніка, і крычыць на ўсю вёску: “Скончылася вайна!”

Аднекуль зьявіліся людзі, выбеглі на вуліцу, зьбіўся вакол яе нейкі натоўп — вось гэтак мы сустрэлі перамогу. Я памятаю, што тады ўсе плакалі, бо не было тады сям’і, якая б кагосьці ня страціла за час вайны. Гэтыя сьлёзы, гэтыя раскінутыя рукі засталіся ў маёй памяці назаўсёды. Афіцыйныя ж вэрсіі гэтай вайны ды гэтай перамогі мяне ніколі не натхнялі, не краналі ды не хвалявалі”.

***
Успамінае паэт Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Для мяне гэтае сьвята азначае проста канец вайны, яно зьвязанае з чаканьнем: а можа бацька прыйдзе? Усе гэтыя гадавіны, круглыя, паўкруглыя ды чвэрцькруглыя даты адзначаюцца больш фанфарна — многа гарэлкі, многа літаўраў, аркестраў на ўсіх ўзроўнях: гарадзкім, раённым, абласным, рэспубліканскім... Казённы холад.

Я бачу, што ў выніку пераможцы атрымалі: магчымасьць выпіць нейкую лішнюю чарку, а больш практычна ніякіх умоваў. Навошта далёка хадзіць па прыклады: дом творчасьці ў Каралішчавічах пад Менскам быў паляўнічай дачай Панамарэнкі. Ён кожную другую ноч паляваў на зайцоў на машыне, гонячы іх у промені фараў ды проста зьбіваючы перадам аўтамабіля. Гэта ў той час, калі не было каня, каб давезьці ўдзельнікаў вайны, інвалідаў, да бальніцы.

З кожным днём халаднела і халаднела паняцьце перамогі. Яно і цяпер для мяне не фальклёрнае, а нейкае чужое, бо я не адчуваю радасьці. Больш таго — усё больш раздражняе гэтая фанфарнасьць, гэтая пустата. Перамога фактычна для Беларусі нічога ня дала, калі не лічыць вялікай колькасьці расейскіх асаднікаў паўсюль — у ваенкаматах, райвыканкамах, калгасах, якія вычышчалі ўсё, асабліва гэта тычыцца былой Заходняй Беларусі”.


***
Згадвае віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру Адам Мальдзіс:

(Мальдзіс: ) “Я памятаю: прыехаў на кані да нас у вёску даволі інтэлігентны чалавек, які працаваў у раёне, і сказаў: “Мір! Перамога!” Самае галоўнае, што дачакаліся міру, а слова “перамога” неяк не ўспрымалася тады. Бацька сказаў тады, што трэба выпаліць лазьню ды вечарам узяць з гэтай нагоды чарку самагонкі. Было такое адчуваньне, што скончылася нешта жахлівае, хаця ў нашай вёсцы — вайна прайшла міма, забілі толькі некалькі чалавек, выпадкова забілі.

Справа ў тым, што нашая вёска, як і ўся Астравеччына, належала да нямецкага камісарыяту Літвы, дзе дзейнічалі крыху іншыя парадкі ды амаль не было партызанаў. Магчыма, таму і з боку немцаў не было карных апэрацыяў.

Хаця я памятаю, як мне стала страшна, калі да нас у хату заваліўся п’яны немец ды пачаў страляць у статуэтку Шапэна, што стаяла ў нас на этажэрцы, пры гэтым прыгаворваючы: “Jude, Jude!” Мне тады гаварылі, што Шапэн быў польскім кампазытарам ды словы немца здаліся дзіўнымі. Я крыху зарухаўся на печы са страху, ды тады нямчура пачаў пуляць і ў бок печы, прыгаворваючы “Partisanen, Partisanen!” Гэта адзіны жахлівы момант часоў вайны, які я памятаю.

Стаўленьне да гэтага дня зьмянілася, бо тады была такая дзіцячая радасьць, што нарэшце будзе спакой, а цяпер разумееш складанасьць гэтай перамогі, ведаеш, якой цаной яна далася ды што было потым. Бачыш гістарычную складанасьць гэтай перамогі, гэта было супрацьстаяньне ня “нашых і вашых”, а двух рэжымаў, якія шмат у чым пераклікаліся: у сваіх мэтадах, прапагандзе, стаўленьні да чалавека і гэтак далей. Але гэта прыйшло потым, з гадамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG