Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЫНІКУ ВЫБУХУ ФУГАСУ Ў ДАГЕСТАНСКІМ ГОРАДЗЕ КАСЬПІЙСКУ ЗАГІНУЛІ НЯ МЕНШ ЯК 25 ЧАЛАВЕК


Юры Дракахруст, Прага

Выбух адбыўся падчас сьвяткаваньня 57-й гадавіны перамогі над нацызмам, калі сьвяточная калёна ішла да гарадзкіх могілак, каб ускласьці кветкі да магілы невядомага жаўнера. Сярод загінулых – музыкі ваеннага аркестру, вэтэраны другой усясьветнай вайны, дзеці. Паводле папярэдніх дадзеных, радыёкіраваны фугас велізарнай моцы быў падкладзены ў кустоўі на выхадзе з цэнтральнай плошчы Касьпійску.

Выбух у Касьпійску адбыўся за некалькі хвілін да таго, як у Маскве прэзыдэнт Пуцін прымаў на Краснай плошчы парад у гонар дня Перамогі.

На скліканай у Крамлі надзвычайнай нарадзе прэзыдэнт Расеі запатрабаваў як мага хутчэй знайсьці і пакараць злачынцаў:

(Пуцін: ) “Злачынствы такога кшталту і такой брутальнасьці ня могуць ня выклікаць эмоцыяў. Але гэтыя эмоцыі ня мусяць перашкаджаць нам працаваць. Ня мусяць перашкодзіць правесьці поўнае і аб’ектыўнае дасьледаваньне ўсіх абставінаў гэтага злачынства”.

Паводле Пуціна, будзе створаная міжведамасная група дасьледаваньня, якую узначаліць дырэктар Фэдэральнай службы бясьпекі Мікалай Патрушаў. З Масквы ў Касьпійск накіраваная сьледчая брыгада МУС Расеі, а таксама сьледчая група ўправы генпракуратуры Расеі на Паўночным Каўказе.

За тэракт у Касьпійску ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць, але, як чакаецца, першымі падазраванымі будуць паўстанцы з памежнай з Дагестанам Чачэніі. У Касьпійску жыве шмат расейскіх памежнікаў і іх сем’і. 6 гадоў таму гэты горад ужо зьведаў тэрарыстычную атаку, тады ў выніку выбуху бомбы абрынуўся жылы дом і загінулі 69 чалавек. Вінаватых у тым злачынстве не знайшлі, аднак шмат хто і тады абвінавачваў чачэнскіх паўстанцаў.

Сёньня ж у сталіцы Чачэніі Грозным была кінутая граната на стадыён, дзе праходзіла сьвяткаваньне Дня Перамогі. Былі параненыя 4 міліцыянты, урачыстасьці давялося спыніць.

У Касьпійску працуюць 15 брыгадаў хуткай дапамогі, у горадзе разгорнуты часовы ваенны шпіталь, некаторыя параненыя дастаўлены ў шпіталі ў Махачкале, сталіцы Дагестану. Улады рэспублікі зьвярнуліся да насельніцтва з просьбаю здаць кроў для параненых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG