Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ ГІСТОРЫК РАСПАВЁЎ ПРА СПЛЯНАВАНАЕ ЗЬНІШЧЭНЬНЕ БЕЛАРУСАЎ ПАДЧАС ДРУГОЙ УСЯСЬВЕТНАЙ ВАЙНЫ


Алена Панкратава, Менск

Тыя, хто нарадзіліся пасьля 1945 году (а гэта большасьць насельніцтва краіны), дагэтуль ведалі й чыталі пра злачынствы сваіх бацькоў і дзядоў у стасунку да палякаў і габрэяў. Крыстыян Герлахс, спасылаючыся на не вядомыя раней сакрэтныя дакумэнты нямецкіх архіваў, піша пра дэталёва сплянаванае і распрацаванае зьнішчэньне беларускага насельніцтва ў часе другой усясветнай вайны.

Кажуць, што падставай для гэтай працы Крыстыяна Герлахса сталі распаўсюджаныя апошнім часам меркаваньні наконт таго, што немцы, у тым ліку і фюрэр, не былі такімі ўжо і злачынцамі, што салдатаў і афіцэраў дзейнай нямецкай арміі ня трэба атаясамліваць з эсэсаўцамі, прадстаўнікамі карных фармаваньняў.

Паводле Крыстыяна Герлахса, дачыненьне да злачынстваў мела ўся таталітарная сыстэма Трэцяга Райху. Парушэньні адмысловых Гаагскіх пагадненьняў аб парадку вядзеньня вайны назіраліся на тэрыторыі Беларусі ўжо на восьмы дзень пасьля нападу на СССР.

Гісторык спасылаецца на выказваньні тагачаснага камандзіра танкавага корпусу Ёхіма Лемэльсэна. Убачыўшы шматлікія целы забітых няўзброеных чырвонаармейцаў з паднятымі ўгару рукамі, ён заявіў: “Гэта сапраўднае забойства”.

Як піша Крыстыян Герлахс, да забойстваў, зьдзейсьненых у першыя дні вайны, мела дачыненьне і рэабілітаванае потым патсдамскае фармаваньне ІР-9, дзе служыў афіцэр Рыхард Вайцзэкер, пазьней прэзыдэнт ФРН. Паводле гісторыка, толькі за 36 месяцаў нямецкай акупацыі ў Беларусі былі забітыя 1мільён 700 тысяч цывільных жыхароў рэспублікі, 500 тысяч габрэяў і 700 тысяч ваеннапалонных. Каля 400 тысяч беларусаў былі накіраваныя на прымусовыя працы.

Як падкрэсьлівае Герлахс, дачыненьне да гэтых злачынстваў мелі ня толькі эсэўсаўцы і паліцыянты, але й цывільнае акупацыйнае кіраўніцтва. Тым ня менш, сьцьвярджае аўтар кнігі, акупанты не дасягнулі заплянаванай імі квоты.

Паводле некаторых дакумэнтаў, у прыватнасьці, галоўнага кансультанта тагачаснага міністэрства харчаваньня, прафэсара-аграсацыёляга Вальдэмара фон Палетыка, каля 6 мільёнаў 300 тысяч беларусаў плянавалася зьнішчыць шляхам галоднай сьмерці. Размова ішла пра пераважна гарадзкіх і часткова сельскіх жыхароў.

Як гаворыцца ў запісцы камісара Слуцку Генрыха Карла, беларускія сяляне павінны былі добраахвотна здаваць сваю прадукцыю акупацыйным уладам. Вялікая частка беларускіх харчоў накіроўвалася паўтарамільённай групе “Цэнтар”. Паведамляецца, што штодня для гэтых вайскоўцаў рэзалі 1200 кароваў. Амаль усе нямецкія вайскоўцы дасылалі дадому зь Беларусі харчовыя пакеты. У нататках міністра харчаваньня Трэцяга Райху паведамлялася, што масла ў Беларусі вырабляецца колькі хочаш.

Крыстыян Герлахс спасылаецца на сотні раней не вядомых дакумэнтаў, якія сьведчаць пра іншыя віды зьнішчэньня беларусаў. Каб пераўтварыць мясцовы сіроцкі дом у нямецкі дзіцячы садок, акупанты застрэлілі 55 беларускіх дзяцей.

Гісторык прыводзіць урыўкі зь ліста паліцэйскага сакратара Вальтэра Матэнэра, які той дасылаў з Магілёва ў Вену: “Учора я прысутнічаў пры масавым забойстве габрэяў. Немаўлятаў кідалі ў паветра, і мы застрэльвалі іх на ляту... Калі мы вызвалім вобласьць ад габрэяў, партызанаў і гэтак далей, мы зможам пабудаваць тут сапраўднае новае грамадзтва”.

Характэрна, што за год да вызваленьня Беларусі гестапа займалася распрацоўкамі ўдасканаленьня адмысловай газавай машыны ў Менску. Паводле адказнага афіцэра Гайнца Рыдэля, які быў у 1974 годзе рэабілітаваны зямельным судом Кіля, “мясцовыя правапарушальнікі не павінны доўга пакутаваць ад болю”.

Кніга Герлахса, паводле шэрагу дасьледчыкаў, зьяўляецца аб’ектыўным расповедам пра малавядомую гісторыю малавядомай Беларусі.
XS
SM
MD
LG