Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖЫХАРКА МЕНСКУ ПРЫГАДВАЕ МАЛАВЯДОМЫЯ СТАРОНКІ ВАЙНЫ


Міхал Стэльмак, Менск

У такой гісторыі не знаходзілася належнага й годнага месца іншадумцам, тым, хто канфліктаваў з тагачасным начальствам. Між тым, многія зь іх сапраўдныя героі, якіх дагэтуль не рэабілітавалі. Яны ляжаць у невядомых і недагледжаных магілах, іхныя імёны й прозьвішчы па-ранейшаму згадваюцца ў архівах не інакш як імёны ворагаў і здраднікаў.

Сьведчаньнем і прыкладам таго ёсьць лёс Марыі Каралюн, пра якую вось што распавяла ўраджэнка Магілёўшчыны, а зараз жыхарка Менску Ніна Самухіна:

(Самухіна: ) “Пачатак вайны. Мне здаецца, што немцы прыйшлі недзе праз тыдзень у нашу вёску Сафіеўка Магілёўскага раёну. Былі баі, выбухалі снарады. Потым усё неяк супакоілася. І немцы на ўскраіне вёскі паставілі шалаш такі — намёт вялізны. І там былі параненыя немцы. А мы, я і Марыя, мы вучыліся з самай першай клясы. Яна была патрыёткай, зь вельмі патрыятычнай сям’і. А я была зь сям’і кулацкай. Мы пайшлі па кустох шукаць раненых. Знайшлі спачатку аднаго, ленінградца, які быў паранены ў жывот. Потым знайшлі другога, трэцяга...

Куды ж нам іх дзяваць? У вёсцы знайшлі адну хату, іх зацягнулі туды. Пасьцялілі саломы. Але карміць ды перавязваць іх не было чым. А потым мы вырашылі пайсьці да немцаў ды папрасіць у іх перавязачнага матэрыялу. Немцы запыталіся: навошта і для каго? Мы схлусілі. Але ж яны высачылі. Яны прыйшлі ў наш дом і бачаць, што ў нас ляжаць параненыя. Яны былі ўражаныя. Але мы папрасілі ў іх дапамогі. Яны нам далі бінты, лекі й нават сказалі, якія таблеткі і як даваць.

Потым мы пайшлі па вёсцы, і кожны двор кожны дзень штосьці прыносіў нам у чыгунку, у вядры ежу. Марыя два гады таму як скончыла мэдтэхнікум, а я пэдтэхнікум. Тыя, хто падлячыўся, мы ім знайшлі адзеньне — і яны пайшлі. Пайшлі шукаць партызанаў. Калі мы лячылі гэтых хлопцаў, дык чатыры зь іх памерлі. Дык немцы пайшлі па дварох і сказалі, што ў каго ёсьць конь, дык каб завезьлі ды пахавалі як трэба. І на сафіеўскіх могілках мы напісалі іхныя прозьвішчы.

Потым Марыя Каралюн пайшла шукаць партызанаў. Мая мама мяне ня пусьціла — сказала, каб дома засталася. Калі Марыя прыходзіла ў вёску, яна ішла да мяне. Мы ёй і хлеб давалі, і яйкі — у нас гаспадарка была. Але аднойчы яна не прыйшла да мяне. І я яе ўжо ня бачыла. Калі скончылася вайна, то пачалі шукаць яе — дзе ж яна ёсьць. То мама ж яе плачучы мне сказала, што яе партызаны загубілі. Расстралялі як здрадніцу — яна ня выканала іхнага загаду забіць урадніка.

У 1964 годзе я пачала зноў шукаць сваю сяброўку. І мне сказалі ў вёсцы Сафіеўка, што яе нават не расстралялі, а ўкінулі жывую ў стары калодзеж. Я сколькі пісала, у тым ліку і ў Вярхоўны Савет, і ніадкуль мне нічога не прыйшло. А вось маці адказалі, што яна здрадніца. Гэта было самым цяжкім для мамы, таму што яна ведала, кім насамрэч была яе дачка, гэтая Марыя Каралюн. Вечная ёй памяць, я яе згадваю кожны раз”.

У многіх беларусаў, якія выхоўваліся на цалкам гераізаванай гісторыі партызанскага змаганьня, такія факты выклікаюць шок і непрыняцьцё. Тым ня менш, існаваньне мноства падобных сьведчаньняў ня можа надалей ігнараваць беларуская гістарыяграфія другой усясьветнай вайны. Наша сёньняшняя суразмоўца Ніна Самухіна спадзяецца, што надыдзе ў Беларусі час, калі Марыя Каралюн будзе ўсё ж рэабілітаваная.
XS
SM
MD
LG